Абвясьцілі пра мабілізацыйныя вучэньні ў Гомельскай вобласьці

Беларускія вайскоўцы на вучэньнях, архіўнае фота

Тэлеграм-канал «Флагшток» са спасылкай на газэту Добрускага райвыканкаму паведаміў аб мабілізацыйных вучэньнях з ваенкаматамі і арганізацыямі Ўзброеных сілаў, якія знаходзяцца ў Гомельскай вобласьці.

Вучэньні пройдуць з 22 чэрвеня да 1 ліпеня. У гэты час будзе абмежаваны рух па некаторых вуліцах і тэрыторыях, што прылягаюць да вайсковых аб’ектаў, а на стрэльбішчах пройдуць мерапрыемствы агнявой падрыхтоўкі.

У прыватнасьці, у Добрускім раёне ў ваенкамаце, грамадзка-культурным цэнтры, раённым цэнтры дадатковай адукацыі, вытворчым участку аўтапарку № 6 будзе прапускны рэжым і патруляваньне ўзброенымі супрацоўнікамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве адрэагавалі на новы этап беларускіх манэўраў ля ўкраінскай мяжы

Практыкаваньні ў стральбе пройдуць у раёне вёскі Жгунская Буда. У Гомлі такія практыкаваньні правядуць у ахоўнай зоне на тэрыторыі Гомельскага хімзаводу.

Раней «Флагшток» паведамляў аб тым, што ўсе раённыя ваенкаматы закупляюць паслугі па арганізацыі трохразовага харчаваньня асабовага складу на працягу 10 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны: Сілы спэцыяльных апэрацый Беларусі разгарнулі на трох тактычных кірунках ля мяжы з Украінай