ЗША дапамогуць Украіне даставіць пшаніцу на рынак без уліку думкі РФ

Збор ураджаю на Мікалаеўшчыне, архіўнае фота, 2013

ЗША сумесна з заходнімі краінамі плянуюць дапамагчы Ўкраіне з пастаўкамі пшаніцы і кукурузы на сусьветныя рынкі. Цяпер прапрацоўваюцца шляхі вывазу тавараў, якія знаходзяцца на складах партоў, заблякаваных з прычыны нападу Расеі.

Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на крыніцы.

У якасьці магчымых варыянтаў разглядаюцца перавозкі па чыгунцы, моры, а таксама паветры. Пазыцыя Расеі пры распрацоўцы плянаў улічвацца ня будзе, кажуць суразмоўцы CNN.

«Да дасягненьня якога-небудзь пагадненьня пакуль далёка. Існуе мноства фактараў, якія могуць паўплываць на ход гэтых дыскусій», — заявіла адна з крыніц.

З прычыны вайны ў сьвеце прагназуецца харчовы крызіс. У ААН кажуць, што ў наступныя два месяцы ва Ўкраіны могуць скончыцца складзкія плошчы і фэрмэрам ня будзе дзе захоўваць ураджай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Абстрэлы Залатога, Папаснай, Севераданецку. 84-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Паводле дадзеных Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША, да вайны пастаўкі пшаніцы з Расеі і Ўкраіны складалі амаль 30% сусьветнага гандлю, а Ўкраіна была чацьвёртым у сьвеце экспартэрам кукурузы і пятым у сьвеце экспартэрам пшаніцы.

Харчовая праграма ААН штогод закупляе каля паловы збожжа ў Кіева. Арганізацыя папярэдзіла аб сур’ёзным харчовым крызісе, калі парты Ўкраіны ня будуць адкрытыя для вывазу сыравіны.

Краіны «Групы сямі» на нядаўняй сустрэчы заявілі, што Расея выкарыстоўвае цяперашнюю сытуацыю на рынку збожжа ў якасьці інструмэнта «гібрыднай вайны».