КДБ затрымаў дырэктара газэты «Белорусы и рынок»

Газэта «Белорусы и рынок»

«Белорусы и рынок» — адно з апошніх незалежных выданьняў Беларусі, якое пакуль працягвае працаваць у краіне.

Раніцай 18 траўня КДБ затрымаў дырэктара газэты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых. Таксама затрымалі бухгальтарку газэты Юлію Кахно. З галоўным рэдактарам Андрэем Александровічам зьнікла сувязь.

Па словах жонкі Залатых, яму інкрымінуюць артыкул 130 КК Беларусі — «Распальваньне нацыянальнай варожасьці». У яго канфіскавалі ноўтбук і сродкі сувязі. Прыкладна гадзіну таму дырэктар «Белорусы и рынок» у суправаджэньні траіх сьледчых зайшоў у рэдакцыю газэты.

Пасьля 16-ай гадзіны выданьне паведаміла, што галоўны рэдактар Андрэй Александровіч выйшаў з КДБ пасьля допыту. Ён пад падпіскай аб неразгалошваньні і праходзіць сьведкам па справе аб распальваньні нацыянальнай варожасьці, заведзенай супраць дырэктара «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых. На волі і бухгальтарка выданьня Юлія Кахно.

«Белорусы и рынок» — адно з апошніх незалежных выданьняў, якое ня толькі працуе ў Беларусі, але і выдае папяровы штотыднёвік. Газэта ў асноўным прысьвечаная эканоміцы. Акрамя папяровай вэрсіі, у яе ёсьць тг-канал @belrynok, Youtube-канал і канал у TikTok.

Акурат год таму ўлады разграмілі партал Tut.by.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё ўмомант памянялася». Як год таму разграмілі Tut.by і што сёньня адбываецца зь яго пасьлядоўнікамі зь «Зеркала»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У рэдакцыі баранавіцкага выданьня Intex-press адбыўся ператрус па справе аб «экстрэмізьме»

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі.

Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:

  • «Белгазета»,
  • «Брестская газета»,
  • «Газета Слонімская»,
  • «Информ-прогулка»,
  • «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
  • «Лидер-пресс».
  • «Народная воля»,
  • «Новы час»,
  • «Рэгіянальная газета»,
  • «Свободные новости плюс»,
  • «Ганцавіцкі час».

У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.

Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».

З праблемамі сутыкнуўся і шэраг недзяржаўных інфармацыйных парталаў. «Экстрэмісцкай» прызналі прадукцыю сайтаў і сацыяльных сетак такіх СМІ як:

  • «Белсат»
  • «Беларускі партызан»
  • «Наша Ніва»
  • Радыё Свабода
  • Ex-press.by
  • By.tribuna.com
  • Tut.by
  • «Брестская газета»

У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».

Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.