Кіеў: Расея страчвае наступальны патэнцыял і рыхтуецца да абароны на ўсходзе і поўдні Ўкраіны

Разьурэньні ад расейскіх абстрэлаў у Харкаве, 17 траўня 2022

Расея ня можа дамагчыся перавагі на франтах, таму працягвае ракетныя абстрэлы па гарадах Украіны.

Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч заявіў, што па ўсёй лініі фронту расейскія вайскоўцы пачалі рыхтавацца да абароны.

«Толькі ў раёне Ізюму, Севераданецку, Лісічанску, Аўдзееўкі і на запароскім кірунку яны ўсё яшчэ ажыцьцяўляюць спробы наступу. Гэтыя дзеяньні маюць сыстэмны характар, а гэта азначае, што войскі Расеі пачалі патроху вычэрпваць існы наступальны патэнцыял», — паведаміў Аляксей Арастовіч у сваім тэлеграм-канале.

Паводле яго, цяпер «ідзе актыўная гонка бакоў для назапашваньня сіл і сродкаў».

17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр заявіла, што расейскія войскі ня маюць перавагі ў баях на сушы, але пагрозы авіяабстрэлаў застаюцца.

Што вядома пра апошнія абстрэлы Расеі

Адэская вобласьць

У ноч з 17 на 18 траўня Расея абстраляла з акваторыі Чорнага мора Адэскую вобласьць. Паводле папярэдняй інфармацыі, істотных руйнаваньняў і пацярпелых няма.

На месцы абстрэлу працуе сьледча-апэратыўная група, якая дакумэнтуе наступствы абстрэлаў.

Сумская вобласьць

Зь вечара 18 траўня расейцы абстрэльвалі Сумскі раён, але ўкраінцы адказалі агнём у адказ, як сьцьвярджаюць мясцовыя ўлады

Раніцай абстралялі вёску Дзьмітраўка Ахтырскага раёну. Пацярпелых няма, пацэлілі ў прыватныя дамы мірных жыхароў.

Харкаўская вобласьць

На харкаўскім кірунку расейцы спрабуюць утрымаць пазыцыі, на якія адышлі ў выніку контранаступленьня ўкраінскага войска.

У выніку абстрэлаў вёскі Печанегі Чугуеўскага раёну лёгкія раненьні атрымаў 73-гадовы мужчына. Яшчэ адзін паранены ў вёсцы Цыркуны — 27-гадовы мужчына.

З артылерыі абстрэльваюць Цыркуны, Рускія Цішкі, Чаркаскія Цішкі і Пітомнік.

Днепрапятроўская вобласьць

У выніку абстрэлаў Дняпра пашкоджаны два будынкі. Другая ракета пацэліла ў аб’ект транспартнай інфраструктуры, ён зьнішчаны. Паводле ўладаў, тры асобы атрымалі аскепкавыя раненьні. Усе шпіталізаваныя.

Мікалаеўская вобласьць

Раніцай расейскія ракеты трапілі ў жылыя дамы ў Мікалаеве і ў Інгульскім раёне вобласьці.

Папярэдне вядома, што адзін грамадзянін атрымаў аскепкавыя раненьні.

Данецкая вобласьць

Расейцы абстралялі Аўдзееўку забароненымі фосфарнымі боепрыпасамі. Цалкам зьнішчылі школу № 1. Яе ахоўвалі дзяжурныя, але ім удалося ўратавацца. У школе не было ніводнага вайскоўца ці вайсковай тэхнікі.

У Данецкай вобласьці з 24 лютага расейцы пашкодзілі і зруйнавалі 416 адукацыйных устаноў.

Пад сталымі абстрэламі Бахмут, Салядар і Дробышава.

Луганская вобласьць

На Луганшчыне ў выніку абстрэлаў цалкам без электрычнасьці застаўся 41 населены пункт (больш за 100 тысяч спажыўцоў). Цэнтралізаванае водазабесьпячэньне адсутнічае па ўсёй вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

CNN: расейскі генэрал Жураўлёў загадаў абстраляць Харкаў касэтнымі снарадамі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.