АДКБ: няма кансалідаванай пазыцыі у стаўленьні да вайны ва Ўкраіне, удзел арганізацыі ў ёй не абмяркоўваўся

Сьцягі АДКБ і краін-сяброў

Генэральны сакратар Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы Станіслаў Зась заявіў аб адсутнасьці сярод краін-удзельніц арганізацыі кансалідаванай пазыцыі аб стаўленьні да вайны ва Ўкраіне.

«Пытаньне аб нейкім далучэньні АДКБ ня ставілася і адпаведна не абмяркоўвалася. У нашых краін – удзельніц АДКБ ёсьць свае дачыненьні і з Украінай, роўна як і зь іншымі краінамі, і сваё стаўленьне да падзеяў, якія адбываюцца. І такой кансалідаванай пазіцыі пакуль няма», — цытуе БелТА Станіслава Зася.

Паводле яго, для выкарыстаньня сіл АДКБ у вайне з Украінай «патрэбен адпаведны зварот зацікаўленай дзяржавы або дзьвюх дзяржаў».

«З гэтага ўсё пачынаецца ў любой сытуацыі. Ці то ў Казахстане, ці то, дапусьцім, на Каўказе, ці яшчэ дзе. Гэта пачатак», — падкрэсьліў ён.

Традыцыйна для Беларусі і Расеі Станіслаў Зась назваў вайну ва Ўкраіне «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Красамоўнае маўчаньне. Саміт АДКБ не падтрымаў Расею

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Саміт АДКБ: Лукашэнка і Пуцін супраць астатніх. Абмеркаваньне экспэртаў