Новая Зэляндыя ўвяла санкцыі супраць Лукашэнкі, чыноўнікаў Мінабароны і Дзяржкамваенпраму

Новая Зэляндыя ўвяла санкцыі супраць 27 фізычных і юрыдычных асобаў зь Беларусі за «падтрымку дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне», заявіла міністар замежных спраў краіны Наная Махута.

Яна адзначыла, што «беларускія ўрадавыя вайскоўцы дапускаюць незаконны і недапушчальны замах на сувэрэнітэт Украіны», і «пад кіраўніцтвам прэзыдэнта Лукашэнкі беларуская тэрыторыя выкарыстоўвалася для нападаў на Ўкраіну».

Згодна са сьпісам, апублікаваным на сайце Міністэрства замежных спраў і гандлю Новай Зэляндыі, у санкцыйны сьпіс трапілі Аляксандар Лукашэнка, шэраг чыноўнікаў Мінабароны, такія як памочнік міністра абароны па ідэалягічнай працы Леанід Касінскі і кіраўнік ідэалягічнага ўпраўленьня Мінабароны Вадзім Лукашэвіч, і іншыя.

Акрамя таго, санкцыі ўведзеныя і ў дачыненьні да 4 юрыдычных асобаў:

  • Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт;
  • кампанія Synesis (спэцыялізуецца на распрацоўцы плятформаў для кантролю грамадзкай бясьпекі і назіраньня за масавымі мерапрыемствамі);
  • прадпрыемства «ОКБ ТСП» (займаецца мадэрнізацыяй узбраеньня і вайсковай тэхнікі, распрацоўкай і вытворчасьцю новых сыстэм узбраеньня і інш.);
  • кампанія «Абаронныя ініцыятывы».