Краіны Балтыі праз вайну і санкцыі перасталі супрацоўнічаць зь Беларусьсю і Расеяй у сыстэме «Зялёная карта»

Ілюстрацыйнае фота

Аўтамабільныя страхоўшчыкі краін Балтыі спыняюць супрацу з названымі краінамі ў сыстэме «Зялёная карта». Вайна і санкцыі — вось прычыны рашэньня.

Рашэньне прынялі ў сувязі з вайной, якую Расея пачала ва Ўкраіне. Другая прычына — міжнародныя санкцыі супраць Беларусі і Расеі. У выніку іх стала практычна немагчымым аформіць міжнародныя пералічэньні ў гэтыя дзьве краіны, піша Delfi.lv.

Латвійскае бюро страхоўшчыкаў транспартных сродкаў (LTAB) рэкамэндуе страхоўшчыкам адмовіцца ад выдачы «зялёных картаў» пры паездках у Расею і Беларусь. Аўтамабілісты, якія зьбіраюцца ў гэтыя краіны, змогуць аплаціць страхоўку на мяжы адпаведнай краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Баранавіцкім таксістам міліцыя не дазволіла сабрацца на страйк

Дамова пра супрацу зь беларускім і расейскім бюро «Зялёнай карты» дзейнічае да 5 траўня 2023 году. Таму ўжо выдадзеныя карты застануцца дзейнымі, тлумачыць сябра праўленьня LTAB Юрыс Стэнгрэвіцс. Але далей у аўтамабілістаў узьнікнуць праблемы.

Калі ўсё ж існуе неабходнасьць паездак у РФ ці РБ, то можна выдаць кароткатэрміновую латвійскую «Зялёную карту» для ўезду ў гэтыя краіны з умовай, што тэрмін яе дзеяньня не даўжэйшы за 6 траўня 2023 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Volvo і Jaguar Land Rover скарачаюць вытворчасьць у Расеі

Сыстэма «Зялёная карта» заснаваная ў 1953 годзе. Яна дазваляе кіроўцам не афармляць страхоўку пры перасячэньні межаў. У канцы сакавіка Ўкраіна адмовілася ад прызнаньня страховак «Зялёнай карты» Беларусі і Расеі.