Ва ўдавы Зельцара, падобна, псыхічны разлад — яе будуць судзіць за ўчынак у стане поўнай адсутнасьці памяці

Belarus

31 траўня пачнецца закрыты суд над Марыяй Усьпенскай, удавой забітага пры перастрэлцы зь сілавікамі праграміста Андрэя Зельцара. Як вынікае з удакладненьня на сайце суду, яе будуць судзіць як «асобу, якая зьдзейсьніла грамадзка небясьпечны ўчынак», заўважыла «Наша ніва».

Згодна з п.13 арт. 6 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі, такая фармулёўка выкарыстоўваецца, калі абвінавачанага судзяць за зьдзяйсьненьне ўчынку ў стане поўнай адсутнасьці памяці або калі ён захварэў пасьля зьдзяйсьненьня злачынства на псыхічны разлад.

У такіх выпадках выносіцца не прысуд, а пастанова з тэрмінамі лячэньня. Або, калі чалавек захварэў на псыхічны разлад пасьля затрыманьня, яго павінны будуць пераасудзіць пасьля таго, як ён ачуняе.

На пачатку сьнежня 2021-га стала вядома, што Марыя тры тыдні правяла ў Навінках — яе туды адпраўлялі, каб правесьці псыхіятрычную экспэртызу.

Судовы працэс будзе весьці судзьдзя Валянціна Зянькевіч. Марыю абвінавачваюць у саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу.

У жанчыны ёсьць непаўналетні сын. Праваабаронцы прызналі яе палітычнай зьняволенай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Удаву Андрэя Зельцара і яшчэ 4 чалавек прызналі палітвязьнямі