Ва Ўкраіне штодня знаходзяць да 5 тысяч мін. На поўнае абясшкоджваньне спатрэбіцца да 10 гадоў. ФОТА

Неўзарваныя снарады ў Чарнігаўскай вобласьці. 6 красавіка 2022

У Дзяржаўнай службе Ўкраіны ў пытаньнях надзвычайных сытуацый (ДСНС) заявілі, што ад пачатку расейскага ваеннага ўварваньня на ўкраінскай тэрыторыі абясшкодзілі звыш 103 тысяч мін і боепрыпасаў, у тым ліку 2 тысячы авіяцыйных бомбаў рознага калібру.

«Вораг выкарыстоўвае дыстанцыйныя сыстэмы мінаваньня, цынічна ўсталёўвае некіраваныя міны і мінныя расьцяжкі ў населеных пунктах, пакідае пасьля сябе вялікую колькасьць выбуховых прылад», — паведаміў начальнік упраўленьня арганізацыі піратэхнічных прац і гуманітарнага разьмінаваньня ДСНС Алег Бондар 11 траўня на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, улічваючы міжнародны досьвед, на разьмінаваньне можа спатрэбіцца ад 5 да 10 гадоў. Цяпер найперш на наяўнасьць мін і выбуховых прылад правяраюцца населеныя пункты, аўтамабільныя дарогі і сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі.

Украінскі сапэр шукае міны каля забітых расейскіх салдат, ваколіцы Харкава, 9 траўня 2022

«Штодзень нашы піратэхнікі знаходзяць ад 2 да 5 тысяч выбухованебясьпечных прадметаў, ужо праверылі каля 20 тысяч гектараў зямлі. У параўнаньні зь мірным часам аб’ёмы работ па разьмінаваньні павялічыліся амаль у 10 разоў», — дадаў Алег Бондар.

У вызваленых ад расейскай арміі населеных пунктах Кіеўскай, Сумскай, Харкаўскай і Чарнігаўскай абласьцей усё часьцей паведамляюць аб падрыве мірных жыхароў на мінах і мінных расьцяжках.

Неразарваная бомба ў Чарнігаве. 21 красавіка 2022

Найчасьцей падрываюцца супрацоўнікі рамонтных брыгад, аграрыі, супрацоўнікі лясгасаў, дзеці. Грамадзян заклікаюць пільна ставіцца да ўсіх падазраваных прадметаў і ў сваіх будынках, калі ў іх разьмяшчаліся расейскія салдаты.

Расейская касэтная міна ПФМ-1. Горад Папасная Луганскай вобласьці, 11 красавіка 2022

Замаскаваная граната ў Броварах пад Кіевам. 12 красавіка 2022

У разьмінаваньні ў Чарнігаўскай вобласьці бярэ ўдзел сабака зь мянушкай Патрон

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хто такі сабака Патрон, які разам з сапэрамі разьміноўвае Чарнігаўшчыну, здабыўшы папулярнасьць ва ўсёй Украіне