Журы назвала пераможцаў першай Прэміі беларускай кінапрэсы «Чырвоны верас»

Лога прэміі беларускай кінапрэсы «Чырвоны верас»

Перад галасаваньнем за ляўрэатаў прэміі каманда кінакрытыкаў і кіназнаўцаў прагледзела вялікую падборку беларускіх фільмаў за 2019 і 2020 гады.

Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку сябра журы Ірэна Кацяловіч.

«Калі б мы не знаходзіліся ў розных краінах, то з калегамі-кінакрытыкамі, напэўна, выпілі б сёньня ўвечары віна. За тое, што мы арганізавалі першую Прэмію беларускай кінапрэсы „Чырвоны верас“ і зрабілі яе аскетычнай і прыгожай, — напісала Ірэна Кацяловіч. — У нас ня будзе цырымоній, інструмэнтальнай музыкі ў холе і выхадаў на сцэну: шмат хто з нас ня ў Менску, а вакол вайна. Але спадзяюся, гэтыя адзнакі нагадаюць: беларусам патрэбна беларускае кіно».

Ліст пераможцаў прэміі беларускай кінапрэсы «Чырвоны верас» выглядае так:

  • Найлепшы ігравы поўнамэтражны фільм: «II» («Два») Улады Сяньковай.
  • Найлепшы ігравы кароткамэтражны фільм: «Возера радасьці» Аляксея Палуяна.
  • Найлепшы поўнамэтражны дакумэнтальны фільм: «Чыстае мастацтва» Максіма Швэда.
  • Найлепшы кароткамэтражны дакумэнтальны фільм: «Тата» Марыі Якімовіч.
  • Найлепшы анімацыйны фільм: «Царства зорак» Івана Гапіенкі.
  • Найлепшы рэжысэр: Максім Швэд.
  • Найлепшы актор: Мікалай Бандарэнка за ролю ў фільме «Дэзэртыр» (рэжысэр Саша Сьцельчанка).
  • Найлепшая актрыса: Настасься Пляц за ролю ў фільме «Возера радасьці» (рэжысэр Аляксей Палуян).
  • Найлепшая праца апэратара: Арцём Лобач за фільм «Шлях дадому».
  • Найлепшы сцэнар: Любоў Зямцова за фільм «Месца каханьня».
  • Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка: Менскія ЖЭСы за фільм «Чыстае мастацтва» (рэжысэр Максім Швэд).
  • Найлепшая музыка ў фільме: Уладзімір Сівіцкі і Іван Кірчук за фільм «Код продкаў» (рэжысэр Уладзімір Луцкі).
  • Адкрыцьцё году: рэжысэрка Марыя Якімовіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі стварылі ўласную кiнапрэмію «Чырвоны верас»

Раней паведамлялася, што арганізатарамі прэміі «Чырвоны верас» сталі чацьвёра журналістаў: Ірэна Кацяловіч, Дар’я Амяльковіч, Максім Карпіцкі і Тарас Тарналіцкі.

Дызайн прэміі стварыў прадпрымальнік і рэжысэр Іван Масьлюкоў.

Вырашаў лёс стужак пашыраны склад журы, у які, апроч сяброў аргкамітэту прэміі, увайшлі вядомыя журналісты, кіназнаўцы, дасьледчыкі і блогеры, якія займаюцца тэмай кіно: Максім Жбанкоў, Ігар Сукманаў, Ірына Дзям’янава, Андрэй Расінскі, Антон Каляга, Ульляна Будзік, Юры Кастузік, Галіна Шур, Вольга Раманава і г.д. — усяго 18 асобаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Бэрлінале ўпершыню прадставяць фільмы незалежных беларускіх аўтараў