Кіеў: Расея прымусова вывезла на сваю тэрыторыю больш за мільён украінцаў

Украінскія ўцекачы ў Польшчы, красавік 2022

Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава заявіла аб прымусовым вывазе Расеяй з тэрыторыі Ўкраіны 1 мільёна 185 тысяч украінскіх грамадзян, у тым ліку больш як 200 тысяч дзяцей.

«Я прапанавала маім калегам-амбудсмэнам стварыць міжнародную камісію з тых краін, якія мяжуюць з Расеяй. У нас ужо ёсьць такі досьвед з Эстоніяй. Гэта велічэзная праблема. Я сустракалася з прэзыдэнтам Міжнароднага Чырвонага крыжа, мы дамовіліся аб супрацы з прадстаўніцтвамі з Расеі, Малдовы і Беларусі, бо мы ведаем, што ёсьць такія людзі, нашы грамадзяне, вывезеныя ў Беларусь», — сказала Людміла Дзянісава 9 траўня на брыфінгу ў Кіеве.

У той жа час, амбудсмэн Украіны не ўдакладніла імаверную колькасьць украінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Беларусь.

«Фільтрацыйныя лягеры разьмяшчаюцца на тэрыторыі Расеі або Луганскай ці Данецкай абласьцей — у інтэрнатах, школах, тэхнікумах, вучылішчах, а таксама ў папраўчых калёніях. Масава людзей вывозілі з падвалаў», — падкрэсьліла яна.


Людміла Дзянісава паведаміла, што пасьля фільтрацыйных лягераў украінцаў развозяць у найбольш аддаленыя рэгіёны — у Ямала-Ненецкую акругу, на востраў Сахалін, у Прыморскі край і Інгушэцію.

«У мяне ёсьць доказы таго, што Расея загадзя рыхтавала такую прымусовую дэпартацыю, таму што былі даведзеныя дырэктывы да ўсіх акругаў Расейскай Фэдэрацыі — колькасьць людзей, якіх трэба забясьпечыць часовым пражываньнем. Ёсьць справаздачы некаторых рэгіёнаў аб тым, дзе яны будуць разьмяшчацца, з указаньнем назваў устаноў, іхных кіраўнікоў і тэлефонаў. То бок гэта сыстэмныя дзеяньні Расеі па вывазе нашых грамадзян», — патлумачыла амбудсмэн Украіны.

Спраўдзіць дакладную колькасьць грамадзян Украіны, прымусова вывезеных у Расею і Беларусь, немагчыма.

Згодна з статыстыкай ААН, у Расею з Украіны як уцекачы выехалі 739 418 грамадзян, а ў Беларусь — 26 278 грамадзян. Няма дакладнай інфармацыі і пра колькасьць асобаў, якія выехалі з Украіны, але мелі не ўкраінскае грамадзянства.

Уцекачы ад вайны

З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 5,563 мільёна чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.

Паводле дадзеных Офісу, больш за 3 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 826 000 чалавек — у Румынію, больш за 530 тысяч — у Вугоршчыну.

У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 681 тысячу чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.

Каля 5 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.

Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністар абароны Вялікай Брытаніі: «Пуцін, яго атачэньне і генэралы капіююць фашызм. Іх лёс урэшце будзе такі самы»