Мінабароны Ўкраіны назвала імаверныя кірункі расейскіх абстрэлаў Кіева: Беларусь і Чорнае мора

Рэшткі расейскай ракеты пад Кіевам, 22 красавіка 2022 году

У Міністэрстве абароны Ўкраіны заявілі, што пагрозы абстрэлу ўкраінскай тэрыторыі зь Беларусі застаюцца дагэтуль.

«Небясьпека нанясеньня па сталіцы і ваколіцах Кіева ракетных удараў Расеяй застаецца. Мы ведаем пра тактычныя ракетныя комплексы тыпу „Іскандэр“, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і таксама ведаем пра сем караблёў, якія знаходзяцца ў акваторыі Чорнага і Азоўскага мораў і якія нясуць крылатыя ракеты марскога базаваньня тыпу „Калібр“, якімі Расея можа абстраляць усю тэрыторыю Ўкраіны», — сказаў сьпікер Міністэрства абароны Ўкраіны Аляксандар Матузянік 9 траўня ў Кіеве на брыфінгу.

Аляксандар Матузянік заклікаў грамадзян выконваць усе захады бясьпекі ў выпадку абвяшчэньня паветранай трывогі і абавязкова перамяшчацца ў бомбасховішчы і ўкрыцьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія вайскоўцы яшчэ застаюцца ў Беларусі. Іх заўважылі ў Асіповічах

Сьпікер украінскага Міністэрства абароны дадаў, што сем беларускіх батальёнаў працягваюць выконваць заданьне ўзмоцненай аховы беларуска-ўкраінскай мяжы ў Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях.

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны, перамяшчэньня сіл і правозу параненых у шпіталі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністар абароны Вялікай Брытаніі: «Пуцін, яго атачэньне і генэралы капіююць фашызм. Іх лёс урэшце будзе такі самы»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка на сьвяткаваньні 9 траўня: Мы адзіныя з Расеяй; мы не агрэсары, але будзем усяляк падтрымліваць Расею