У папулярным расейскім онлайн-выданьні Lenta.ru зьявіліся больш за дзесяць матэрыялаў з крытыкай прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ягонай вайны ва Ўкраіне. Яны ўжо зьніклі з сайту, аднак копія галоўнай старонкі захавалася ў вэб-архіве, піша Медиазона.
Гэта былі навіны з загалоўкамі «Пуцін разьвязаў адну з кровапралітных войнаў 21 стагодзьдзя», «Уладзімір Пуцін ператварыўся ў бездапаможнага дыктатара і параноіка», «Расейская эліта хворая на кумаўство і падлізьніцтва», а таксама артыкул «Вайной лягчэй прыкрыць правалы ў эканоміцы. Пуцін павінен сысьці. Ён разьвязаў бессэнсоўную вайну і вядзе Расею ў бездань».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пуцін на парадзе ў Маскве расказаў аб прычынах вайны з Украінай, але не заявіў пра мабілізацыюУсе артыкулы пачыналіся са словаў аб тым, што «гэты матэрыял ня ўзгоднены з кіраўніцтвам», а за яго публікацыю Адміністрацыя прэзыдэнта пакарае выданьне. У постскрыптуме да артыкулаў за публікацыю бралі на сябе адказнасьць кіраўнік аддзелаў «Экономика» і «Среда обитания» Ягор Палякоў і рэдактар гэтых аддзелаў Аляксандра Мірошнікава.
Крыніца ў выданьні пацьвердзіла, што гэта зрабілі іх супрацоўнікі, замяніўшы тэкст у іншых, ужо апублікаваных навінах.
У сакавіку 2014 году ўладальнік «Афіша-Рамблер-SUP», куды ўваходзіла «Лента.ру», Аляксандар Мамут звольніў галоўнага рэдактара выданьня Галіну Цімчанку і прызначыў замест яе журналіста Аляксея Гараслаўскага. Гэта адбылося празь некалькі гадзін пасьля таго, як Роскомнадзор вынес «Ленте.ру» папярэджаньне за інтэрвію з адным зь лідэраў украінскага «Правага сэктару». Тады частка каманды на чале зь Цімчанкай заснавала выданьне «Медуза» з рэдакцыяй у Рызе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
З «Азоўсталі» эвакуавалі яшчэ 173 чалавекі, у Марыюпалі ўвялі новыя правілы перамяшчэньня. 75-ы дзень вайны Расеі супраць УкраіныЖурналіст Ягор Палякоў, які апублікаваў навіны, што выклікалі рэзананс, патлумачыў The Insider свае матывы.
«Пасьля масавых блякаваньняў у краіне амаль не засталося мэдыя, якія можна паглядзець без VPN. У нас гіганцкая аўдыторыя, да чаго я ў тым ліку прыклаў шмат намаганьняў, таму мы з Сашай вырашылі, што такі пэрформанс будзе адзіна слушным. Мы адабралі каля 40–45 ключавых выпадкаў \ навін \ фактаў, якія расейскія СМІ пачалі замоўчваць пасьля пачатку вайны, расьпісалі іх максымальна падрабязна і імкнуліся не ўпадаць у „прапаганду наадварот“».
Палякоў мяркуе, што цяпер, пасьля гутаркі з кіраўніцтвам, яны з калегай працаваць больш ня будуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хто і чаму ў Расеі падтрымлівае вайну? Тлумачэньне расейскага сацыёлягаТаксама 9 траўня ўладальнікі тэлевізараў Smart TV зьвярнулі ўвагу, што ў апісаньнях тэлеканалаў і праграм зьявіліся антываенныя надпісы: «На вашых руках кроў тысяч украінцаў і сотняў іх забітых дзяцей. ТБ і ўлады хлусяць. Не вайне», — гаварылася ў паведамленьні.
Надпіс бачылі абанэнты МТС ТБ, НТВ-плюс, «Ростелекома», а таксама ўладальнікі мэдыяпрайгравальнікаў Winx. Па адной з вэрсій, хакерам удалося ўзламаць убудаваны плэер тэлевізараў Smart TV.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У розных гарадах Расеі затрымалі ўдзельнікаў антываенных акцыйВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.