Грэцыя працягвае пастаўкі расейскай нафты морам, нягледзячы на санкцыі

Адзін з грэцкіх танкераў. Архіўнае фота. Студзень 2021

Экспарт сырой нафты з Расеі па моры захаваўся на даваенным узроўні, нягледзячы на ўведзеныя санкцыі. Гэта адбываецца дзякуючы актыўнасьці грэцкіх танкераў.

Пра сытуацыю вакол імпарту нафты з Расеі піша DW.

Нягледзячы на ўведзеныя санкцыі супраць судоў пад расейскім сьцягам, з Расеі кожны дзень морам вывозіцца 4,5 млн барэляў нафты на суму каля 509 млн даляраў, піша ў панядзелак, 9 траўня, газэта Die Welt са спасылкай на суднаходны рэестр Lloyd’s List.

Экспарт сырой нафты з Расеі па моры захаваўся на даваенным узроўні ў першую чаргу з прычыны невыкананьня санкцый з боку Грэцыі, піша выданьне: «У той час як многія эўрапейскія і амэрыканскія дылеры, нафтавыя кампаніі і суднаходныя кампаніі спынілі ўсе кантакты з апэратарамі расейскага флёту, грэцкія суднаўладальнікі працягваюць пашыраць свой бізнэс у Расеі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Краіны Эўразьвязу не змаглі дамовіцца аб новым пакеце санкцый супраць Расеі

Паводле дадзеных Lloyd’s, у красавіку з расейскіх нафтавых партоў Прыморску, Наварасійску, Усць-Лугі і Санкт-Пецярбургу выйшлі 190 танкераў, зь іх 76 ішлі пад грэцкім сьцягам. «Такім чынам, Грэцыя павялічыла сваю долю ў транспартаваньні расейскай нафты ўтрая ў параўнаньні з папярэднім годам», — піша Die Welt.

Да прыкладу, у канцы красавіка грэцкі танкер Nissos Rhenia пагрузіў на борт расейскую нафту маркі Urals у порце Ратэрдаму і адправіўся ў Сынгапур, цытуе выданьне справаздачу Lloyd’s. Усё больш танкераў накіроўваюцца ў Індыю, Кітай і Паўднёвую Карэю, а фрахтавыя стаўкі на нафтавыя танкеры ўжо вырасьлі на 230 працэнтаў праз вайну ва Ўкраіне, адзначае нямецкая газэта.

Падрыхтоўка судовых пазоваў з боку Ўкраіны

Украінскі ўрад сфармаваў групу для адсочваньня расейскіх танкераў з дапамогай адкрытых дадзеных.

«Кампаніі, якія працягваюць сьвядома фінансаваць расейскія ваенныя злачынствы з дапамогай кантрактаў на выкапнёвае паліва, павінны ведаць, што Ўкраіна вывучае ўсе магчымасьці прыцягнуць іх да адказнасьці», — заявіў дарадца прэзыдэнта Уладзіміра Зяленскага ў эканамічных пытаньнях Алег Усьценка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вялікая Брытанія ўвяла новыя санкцыі супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі

Генэральны пракурор краіны Ірына Венядзіктава заявіла, што ўжо рыхтуюцца судовыя пазовы супраць кампаній і фізычных асоб, якія маюць дачыненьне да нафтавага бізнэсу з Расеяй.

Санкцыі супраць расейскай нафты

Прадстаўлены ў пачатку траўня шосты пакет санкцыяў ЭЗ уключае паступовае эмбарга на расейскую нафту.

«Гэта будзе поўная забарона ўсяго імпарту расейскай нафты — танкернай і трубаправоднай, сырой і перапрацаванай», — паведаміла старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Грэцыя, якая валодае найбуйнейшым у сьвеце танкерным флётам (716 судоў), выступіла супраць забароны, спаслаўшыся на важнасьць танкернага бізнэсу для краіны, піша Die Welt.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Байдэн у нядзелю абмяркоўвае зь лідэрамі G7 пашырэнне санкцый супраць Расеі

Пяты пакет санкцый ЭЗ, уведзены ў пачатку красавіка, забараняў уваход расейскіх караблёў у эўрапейскія парты. Выключэньні былі магчымы толькі для суднаў, якія перавозяць сельскагаспадарчую прадукцыю, прадукты харчаваньня або гуманітарную дапамогу.

Грэцыя 15 красавіка затрымала нафтавы танкер Pegas пад сьцягам РФ у якасьці рэалізацыі гэтых санкцыяў. У порце паўвострава Пэляпанэс нафту перагрузілі ў іншы танкер, паколькі абмежавальныя меры тычыліся толькі самога судна, але не ягонага грузу.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.