Сам вэтэран выжыў цудам. Яго гісторыю расказаў тэлеканал «Настоящее время».
97-гадовы вэтэран Другой сусьветнай вайны Іван Лысун незадоўга да Дня Перамогі атрымаў «падарунак»: пры абстрэле пасёлка Залочаў у Харкаўскай вобласьці ён пазбавіўся дома. Расейскае войска абстраляла пасёлак з артылерыі ў ноч на 4 траўня, вэтэран выжыў цудам. Прэс-служба Харкаўскай абласной пракуратуры ўжо заявіла, што пачала дасудовае расьсьледаваньне па факце парушэньня законаў і звычаяў вайны.
Пасьля абстрэлу ад дома Лысуна ў Залочаве засталіся толькі некалькі сьцен. Іван Васілевіч расказвае, што дом амаль сто гадоў таму сваімі рукамі пабудаваў ягоны бацька. Сам ветэран там нарадзіўся і рос, а цяпер, як ён з іроніяй зазначае, «займаецца перабудовай — пасьля бамбаваньня сваёй гаспадаркі».
Калі пачалася Другая сусьветная вайна, Іван Лысуну не было і 18 гадоў. Але ён усё роўна быў адпраўлены на фронт на 7 гадоў: прайшоў усю вайну, вызваляў Польшчу, Беларусь, дайшоў да Нямеччыны. Быў паранены, двойчы кантужаны. Дадому вярнуўся з мэдалём «За адвагу». А цяпер у выніку расейскай «спэцапэрацыі ў дэнацыфікацыі» застаўся без жытла.
Дачка Івана Васілевіча Натальля кажа, што ў ноч абстрэлу хавалася ў суседкі ў падвале, а бацька застаўся дома. Жанчына пачула грукат і пабегла ратаваць бацьку: ён не пацярпеў, але быў моцна напалоханы.
«Гэта былі самыя страшныя хвіліны ў маім жыцьці. Я крычала: «Тата! Тата!», а ён не адказваў, — расказвае Натальля. — Калі я забегла да яго ў пакой, ён стаяў, азіраўся па баках, ня мог зразумець, што адбываецца. Я сказала: «Бацька, нас абстралялі!»
«Вы ведаеце, я адчуваю сябе зараз вельмі дрэнна, — кажа Лысун. — Я сем гадоў служыў у войску ў Савецкім Саюзе. Абараняў радзіму, Кіеў, расейскую і ўкраінскую землі. У нас у Залочаве пяць тысяч чалавек на вайне страцілі. З вэтэранаў я адзін у райцэнтры застаўся. Больш нікога няма! Таварышаў у мяне няма. Няма з кім нават пагаварыць».
Расейскія вайскоўцы абстрэльваюць Харкаўскую вобласьць ужо больш за два месяцы. Іван Васілевіч кажа, што тлумачыў сваім сваякам у Расеі, што ва Ўкраіне людзей бамбуе менавіта расейскае войска, а не мітычныя ўкраінскія нацыяналісты, як пра гэта расказвае расейская прапаганда. Але родныя з Расеі яму ў адказ заяўляюць, што нічога пра гэта ня ведаюць.
«Цяпер яшчэ ганебней адбываецца, падчас камандаваньня Пуціна. Калі ён стаў прэзыдэнтам, яшчэ горш стала, — кажа Лысун. — Ну хіба можна так? Такія зьдзекі! І ў нас, і ў Харкаве таксама!»
Іван Васілевіч расказвае, што стаў дрэнна спаць восем гадоў таму, пасьля таго, як сэпаратысты абвясьцілі незалежнасьць некалькіх абласьцей Данбасу, а Расея анэксавала Крым. Лысун кажа, што калі б меў сілы, ён пайшоў бы бараніць Украіну, як у маладосьці. Але сіл хапае толькі на тое, каб разьбіраць завалы ўласнага дома.
Іван Васілевіч кажа, што пакуль ня ведае, дзе цяпер будзе жыць, але паспрабуе напярэдадні дзявятага траўня прывесьці ў парадак свой пабіты снарадам участак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Удзельнікі вайны супраць Украіны прымуць удзел у парадзе на Чырвонай плошчы ў МасквеВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.