Зяленскі на канфэрэнцыі донараў: «Украіне патрэбныя грошы, плян аднаўленьня і хуткі рух у Эўразьвяз»

Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на міжнароднай донарскай канфэрэнцыі 5 траўня ў Варшаве, якую сумесна арганізавалі Польшча і Швэцыя, заявіў, што вайна Расеі супраць Украіны «плянавалася як прэлюдыя да ўдару па аб’яднанай Эўропе».

Паводле слоў Зяленскага, для перамогі Ўкраіне патрэбныя фінансы, каб задавальняць абаронныя, сацыяльныя і гуманітарныя патрэбы, плян аднаўленьня краіны і хуткі рух у ЭЗ у рамках спэцыяльнай скарочанай працэдуры.

«Мы прапануем нашым партнэрам — цывілізаваным і адказным дзяржавам — узяць шэфства над тымі рэгіёнамі, над тымі гарадамі, над тымі галінамі Ўкраіны, якія пацярпелі ад разьвязанай Расеяй вайны», — цытуе словы Зяленскага BBC.

Ён дадаў, што «вайна Расеі супраць Украіны плянавалася як прэлюдыя да ўдару па абʼяднанай Эўропе».

«Большае абʼяднаньне — гэта магутны адказ. І таму сяброўства Украіны ў Эўразьвязе павінна быць абсалютнай рэальнасьцю», — заявіў прэзыдэнт Украіны.