«Параненыя салдаты паміраюць у страшных пакутах». Кіраўніцтва палку «Азоў» зьвярнулася да Зяленскага
Камбінат «Азоўсталь» у Марыюпалі пад расейскімі абстрэламі
Полк «Азоў», які абараняецца на пляцоўцы заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі ў няроўным па сілах баі з расейцамі, заклікаў сьвет і кіраўніцтва Ўкраіны дапамагчы эвакуяваць параненых жаўнераў.
«Ужо тры дні, як вораг прарваўся на тэрыторыю „Азоўсталі“, дзе працягваюцца цяжкія кровапралітныя баі. Абаронцы горада ўжо 71 дзень сам-насам б’юцца з праціўнікам, сілы якога пераважаюць, ды чорт забірай, паказваюць такую вытрымку і гераізм, што краіна павінна ведаць, што азначае быць верным Бацькаўшчыне», — заявіў намесьнік камандзіра полку «Азоў» Святаслаў Паламар.
Вайсковец заявіў, што расейскія войскі ў чарговы раз парушылі абяцаньне спыніць агонь і не далі магчымасьці эвакуяваць цывільных, якія працягваюць хавацца ў падвалах заводу.
«Заклікаю міжнародную супольнасьць эвакуяваць цывільных і асабіста зьвяртаюся да Вярхоўнага голаўнакамандуючага падбаць аб параненых салдатах, якія ў страшных пакутах паміраюць ад неналежнага лячэньня. Дайце магчымасьць забраць целы воінаў, каб украінцы змаглі разьвітацца са сваімі героямі. Адрэагуйце належным чынам на крытычную сытуацыю, у якой праціўнік не выконвае аніводныя этычныя нормы, канвэнцыі ці законы, зьнішчаючы людзей на вачах усяго сьвету, кіруючыся ўседазволенасьцю і беспакаранасьцю!», — заявіў намесьнік камандзіра полку «Азоў» Святаслаў Паламар.
У Марыюпальскай гарадзкой радзе паведамілі, што якраз сёньня легендарнаму «Азову» споўнілася 8 гадоў.
«Яго байцоў ведае ўвесь сьвет, як нязломных, моцных і выносьлівых тытанаў. Гэта Героі, якія працягваюць чыніць супраціў у Марыюпалі, нягледзячы на шматлікія абстрэлы і бамбаваньні», — адзначылі ў радзе.