Войска Ўкраіны пайшло ў контранаступ на поўнач ад Харкава, расейцы працягваюць абстрэлы,— абласная адміністрацыя
Алег Сінягубаў
Прыцэльныя абстрэлы Харкава працягваюцца, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў 5 траўня.
«Нягледзячы на тое, што нашы Ўзброеныя сілы адціскалі ворага ад горада ў паўночным кірунку, праціўнік працягвае тэрарызаваць мірнае насельніцтва. Гэтыя ўдары не прыцэльныя, акупант наносіць удары па жылых кварталах, тым самым наносячы шкоду мірным жыхарам. Ён можа „прыляцець“ на любую тэрыторыю, у любы двор, на любую дзіцячую пляцоўку. Таму знаходзіцца на вуліцы бяз вострай неабходнасьці надзвычай небясьпечна», — папярэдзіў кіраўнік адміністрацыі.
Паводле яго, расейскія вайскоўцы абстрэльваюць горад з рэактыўных сыстэм залпавага агню і артылерыі, а за апошнія суткі пашкоджаньні атрымалі Пяціхаткі, вёска Жукоўскага, Салтаўка і Паўночная Салтаўка.
Паводле Сінягубава, за мінулыя суткі ад абстрэлаў ніхто не пацярпеў. Самым гарачым месцам у Харкаўскай вобласьці, кажа чыноўнік, застаецца Ізюмскі кірунак:
«Там праціўнік пастаянна спрабуе атакаваць пазыцыі нашых Узброеных сіл, у прыватнасьці ў раёне гораду Барвінкава, але нясе значныя страты. Акрамя таго, учора праціўнік спрабаваў атакаваць пазыцыі Ўзброеных сіл на Ваўчанскім кірунку — праціўнік таксама быў разьбіты».
Кіраўнік вобласьці дадаў, што ў цяперашні час па Ваўчанскім і Купянскім кірунках на Ізюм ідзе комплекс расейскай вайсковай тэхнікі для павелічэньня прысутнасьці ў Луганскай і Данецкай абласьцях.