Fitch ацаніла рызыкі рублёвых выплат па беларускіх эўрабондах як магчымы дэфолт

Рэйтынгавае агенцтва Fitch пацьвердзіла ​​​​​​​доўгатэрміновы крэдытны рэйтынг Беларусі ў замежнай валюце на ўзроўні ССС.

На рэйтынгавай шкале агенцтва ўзроўні ССС азначае «Істотная крэдытная рызыка. Вельмі нізкі запас трываласьці. Рэальная магчымасьць дэфолту».

Рэйтынг быў паніжаны сёлета ў сакавіку пасьля пачатку расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, якой дапамаглі ўлады Беларусі. Агенцтва цяпер не прысвойвае прагноз па сувэрэнным рэйтынгу Беларусі.

У паведамленьні агенцтва зазначаецца, што санкцыі, уведзеныя супраць Расеі і Беларусі, ствараюць значныя рызыкі для макрафінансавай стабільнасьці і павышаюць няпэўнасьць у частцы выкананьня Менскам сваіх абавязаньняў.

«Fitch ня ўпэўнены ў гатоўнасьці Расеі акааазаць фінансавую падтрымку, якую мы лічым важнай для Беларусі, каб пагасіць эўрааблігацыі ў 2023 годзе», — гаворыцца ў паведамленьні агенцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністар фінансаў Беларусі: «Дэфолт ня будзе вялікай праблемай»

Разам з тым працэнтныя выплаты па эўрааблігацыях у 2022 годзе агенцтва лічыць выканальнымі. Праблему створыць пагашэньне выпуску эўрабондаў у памеры 800 млн долараў, якое павінна адбыцца ў канцы лютага 2023 году. Агенцтва зазначае, што ўмовы выпуску аблігацый прадугледжваюць разьлікі па ім выключна ў далярах і не дапускаюць выплат у іншых валютах, як гэта прадугледжана ўказам Аляксандра Лукашэнкі.

«Fitch будзе разглядаць пагашэньне аблігацый у мясцовай валюце як дэфолт», — заявілі ў агенцтве.

У Fitch таксама лічаць, што беларуская эканоміка сёлета скароціцца на 5%, а ў 2023-м — на 1,2%, бо дэкляраваная ўрадам пераарыентацыя замежнага гандлю на Азію запатрабуе часу, а пэрспэктывы інвэстыцый выглядаюць змрочна.

Дзярждоўг Беларусі ў 2022 годзе павялічыцца да 52,9% ВУП у параўнаньні з 42,5% ВУП летась. Пры гэтым ён застанецца ніжэйшым за мэдыяннае значэньне для краін з рэйтынгам В, якое складае 62,8% ВУП.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея пазьбегла дэфолту, заплаціўшы ў апошні момант