New York Times: Зьвесткі амэрыканскай выведкі дапамаглі ўкраінцам забіць шмат расейскіх генэралаў
Андрэй Сухавецкі, адзін з забітых расейскіх генэралаў падчас расейскага ўварваньня ва Ўкраіну
Крыніцы выданьня заявілі, што данясеньні выведкі, якімі ЗША дзеляцца з Украінай, выкарыстоўваліся для ўдараў, у якіх загінулі расейскія генэралы.
Пры гэтым крыніцы The New York Times адзначаюць, што ня ўсе такія ўдары былі заснаваныя на амэрыканскіх зьвестках. Напрыклад, удар па камандным пункце ў Ізюме 30 красавіка, дзе незадоўга да гэтага знаходзіўся начальнік расейскага Генштабу Валерый Герасімаў, не абапіраўся на амэрыканскую інфармацыю. Пры гэтым Расея не паведамляла ні пра ўдар па Ізюме, ні пра паездку Герасімава на ўсход Украіны.
Некаторыя ўкраінскія афіцыйныя асобы нават казалі, што сам Герасімаў трапіў пад абстрэл і быў паранены, але ніхто не пацьвердзіў гэтага: ні іншыя ўкраінскія чыноўнікі, ні амэрыканцы, ні Масква.
Крыніцы сьцьвярджаюць, што Вашынгтон не дазволіў бы выкарыстаць свае дадзеныя для замаху на жыцьцё навышэйшага вайсковага кіраўніцтва Расеі, да якога ён адносіць Герасімава. Пэнтагон пакуль не пракамэнтаваў артыкулу.
Украіна сьцьвярджае, што ад пачатку вайны на фронце забілі ўжо 12 вышэйшых расейскіх афіцэраў. Гэта анамальна вялікая колькасьць, прынамсі па мерках заходніх армій, кажуць заходнія экспэрты.
Расея ж афіцыйна пацьвердзіла гібель двух намесьнікаў камандуючага арміямі: генэрал-маёра Андрэя Сухавецкага і генэрал-маёра Ўладзіміра Фралова.