«Кірунак узмоцнены і прыкрыты неабходнымі сродкамі». Ва Ўкраіне пракамэнтавалі раптовую праверку сіл рэагаваньня ў Беларусі

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны не выключаюць выкарыстаньня Расеяй тэрыторыі Беларусі для атакі ўкраінскай тэрыторыі, хаця пакуль не назіраюць адпаведнай падрыхтоўкі.

«Мяжа зь Беларусьсю ўзмоцненая, як сіламі памежнай службы, так і іншымі складнікамі сэктару абароны. Вядома, мы разумеем, што на гэтым кірунку ёсьць Узброеныя сілы Беларусі, яны гэтага ніколі ня ўтойвалі, але гаварыць пра тое, што яны гатовыя да атакі, ня можам», — заявіў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка, камэнтуючы раптовую праверку сіл рэагаваньня Беларусі.

У эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом Андрэй Дземчанка дадаў, што беларускі бок абумоўлівае знаходжаньне сіл на мяжы з Украінай неабходнасьцю ўзмацненьня яе аховы.

«У той жа час мы не выключаем, што тэрыторыю Беларусі і Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь Расейская Фэдэрацыя ў нейкі момант усё ж зможа выкарыстаць супраць Украіны. Таму мы падрыхтаваныя, гэты напрамак узмоцнены, прыкрыты ўсімі неабходнымі сродкамі для таго, каб з годнасьцю сустрэць агрэсара», — дадаў ён.

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны адзначыў, што аналягічная сытуацыя склалася і на прыднястроўскім сэгмэнце мяжы з Малдовай.

«Пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю, з Малдовай на прыднястроўскім сэгмэнце і з Расеяй закрытыя яшчэ ў канцы лютага на падставе рашэньня ўраду. Там прапускныя апэрацыі не ажыцьцяўляюцца, як па транспарце, гэтак і па афармленьні грамадзян», — падкрэсьліў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.


Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб раптоўнай праверцы сіл рэагаваньня, у ходзе якой вайсковым часткам і падразьдзяленьням трэба будзе адпрацаваць прывядзеньне ў баявую гатоўнасьць, маршы ў прызначаныя раёны і выкананьне вучэбна-баявых задач.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля размовы Лукашэнкі і Пуціна Мінабароны Беларусі пачало раптоўную праверку сіл рэагаваньня