«Патрыярх не павінен апускацца да ўзроўню пуцінскага алтарнага хлопчыка». Папа Рымскі скасаваў сустрэчу з кіраўніком РПЦ

Папа Францішак

Паводле папы Францішка, яшчэ на дваццаты дзень вайны з Ватыкану прыйшла прапанова ў Маскву пра сустрэчу, але адказу з Крамля да гэтага часу няма.

Папа Рымскі Францішак паведаміў, што ў выніку размовы з кіраўніком Расейскай праваслаўнай царквы патрыярхам Маскоўскім Кірылам вырашылі скасаваць сустрэчу, якая плянавалася на 14 чэрвеня ў Ерусаліме.

«Я 40 хвілін размаўляў з Кірылам па Zoom. Першыя 20 хвілін ён зачытваў зь ліста, які трымаў у руцэ, усе апраўданьні расейскага ўварваньня. Я яго выслухаў і адказаў: я нічога гэтага не разумею. Брат, мы не дзяржаўныя чыноўнікі, мы павінны размаўляць не на мове палітыкі, але на мове Езуса. [...] Таму мы павінны шукаць шляхі да міру, мы павінны спыніць вайну. Патрыярх не павінен апускацца да ўзроўню пуцінскага алтарнага хлопчыка», — сказаў Папа Рымскі ў інтэрвію выданьню Corriere della Sera.


«У нас была прызначаная сустрэча на 14 чэрвеня ў Ерусаліме. Гэта была б наша другая сустрэча, яна ня мела дачыненьня да вайны. Але мы яе адмянілі — мы пагадзіліся, што яна падасьць сьвету ня той сыгнал, які нам патрэбен», — патлумачыў журналістам Папа Рымскі Францішак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Для магчымай сустрэчы Папы і патрыярха Маскоўскага шукаюць «нэўтральную зямлю»

У сярэдзіне лютага старшыня Аддзелу замежных царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату РПЦ мітрапаліт Валакаламскі Іларыён заявіў аб падрыхтоўцы другой сустрэчы патрыярха Маскоўскага Кірыла і Папы Рымскага Францішка. Было заяўлена, што сустрэча можа адбыцца ў чэрвені ці ліпені.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Папа Францішак: «Няхай мір настане для пакутлівай Украіны, якая так моцна пацярпела ад гвалту і спусташэньня»

У інтэрвію італьянскай газэце Corriere della Sierra кіраўнік Каталіцкай царквы паведаміў, што ўжо ў першы дзень вайны размаўляў па тэлефоне з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Потым ён сустрэўся з амбасадарам Расеі. А вось ад Пуціна адказу так і не паступіла, хаця Ватыкан настойвае на сустрэчы і даўно перадаў жаданьне пантыфіка прыбыць у Маскву.

Папа Рымскі ня можа расцаніць правільнасьць ці няправільнасьць вайсковай падтрымкі Ўкраіны з боку краін NATO. Ён таксама ня мае намеру пакуль наведваць Кіеў.

«У Кіеў я пакуль не паеду. Я паслаў кардынала Міхаэля Чэрнага і кардынала Конрада Краеўскага, якія адправіліся туды чацьвёрты раз. Але я адчуваю, што мне ня трэба ехаць. Спачатку я павінен паехаць у Маскву, спачатку я мушу сустрэцца з Пуціным. Але я таксама сьвятар, што я магу зрабіць? Я раблю тое, што магу. Калі б Пуцін адчыніў дзьверы...» — сказаў пантыфік.

Папа Рымскі адзначыў, што прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан пераконваў яго, што да 9 траўня ўсё скончыцца. Аднак падзеі апошніх дзён паказваюць далейшую эскаляцыю.

«Орбан, калі я зь ім сустрэўся, сказаў мне, што ў расейцаў ёсьць плян, што ўсё скончыцца 9 траўня. Я спадзяюся, што гэта так, каб мы таксама разумелі хуткасьць эскаляцыі ў гэтыя дні. Таму што цяпер ня толькі Данбас, гэта Крым, гэта Адэса, ён забірае ва Ўкраіны чарнаморскі порт, і ўсё. Я пэсіміст, але мы павінны зрабіць любы жэст, каб спыніць вайну».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Папа Францішак заклікаў да перамір’я, а патрыярх Кірыл — да згуртаваньня вакол улады

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.