Расейскі банкір разьвітаўся з Расеяй і выступіў супраць вайны ва Ўкраіне

Алег Цінькоў

Расейскі бізнэсовец Алег Цінькоў 3 траўня апублікаваў пост, у якім разьвітваецца з Расеяй. Былы ўладальнік «Тинькофф банка» распавёў, што ў яго «нічога не засталося ў Расеі» і што ён «забірае з краіны» брэнды Tinkoff і La Datcha: ён ня хоча іх «пэцкаць крывёй расейскіх салдат і жыхароў Украіны».

«Я страціў усё, але я ня страціў Душу. Я не магу спакойна зарабляць у краіне, якая вядзе вайну з суседам, забіваючы мірных грамадзян і дзяцей, мне не патрэбныя ніякія падставы!» — напісаў бізнэсовец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: New York Times: Крэмль прымусіў Алега Цінькова прадаць сваю долю ў Tinkoff Bank пасьля крытыкі вайны ва Ўкраіне

Напярэдадні Цінькоў распавёў у інтэрвію газэце New York Times, што прадаў сваю долю ў «Тинькофф банку» пад ціскам уладаў. Банкір сьцьвярджае, што на наступны дзень пасьля апублікаваньня паста ў Інстаграме (ён выклаў яго 19 красавіка), у якім выступіў з жорсткай крытыкай ваенных дзеяньняў расейскіх уладаў ва Ўкраіне, адміністрацыя прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна зьвязалася з мэнэджмэнтам банку «Тинькофф» і прыгразіла нацыяналізаваць яго, калі Цінькоў не разарве зь ім сувязі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца МЗС Нямеччыны назвала 24 лютага пераломным днём у гісторыі і заклікала судзіць Пуціна

На мінулым тыдні 35% акцый TCS Group Holding — галоўнай структуры расейскай групы «Тинькофф» — у сям’і Алега Цінькова купіла група «Интеррос». Банк Расеі ўхваліў гэтую ўгоду, яе парамэтры не раскрываюцца, аднак сам бізнэсмэн заявіў, што прадаў сваю долю «за капейкі». Цінькоў назваў угоду «адчайным распродажам, распродажам са зьніжкай», навязаным яму Крамлём.

Як сцвярджалі крыніцы выданьня «Коммерсант», прадстаўнікі Цінькова яшчэ ў другой палове сакавіка пачалі прапаноўваць расейскім удзельнікам фінансавага рынку яго долю за $300 млн. Па падліках РБК, з улікам кошту акцый TCS Group да моманту продажу, 35% Цінькова маглі б каштаваць $2,4 млрд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго жадаюць украінцы расейцам, а расейцы — украінцам? Вынікі сумеснага дасьледаваньня ўкраінскіх і расейскіх сацыёлягаў