Сакратар РНБА Ўкраіны заявіў, што папярэджаная Пуціным пра вайну Вугоршчына хацела захапіць частку ўкраінскай тэрыторыі
Віктар Орбан і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін папярэдзіў Вугоршчыну аб вайне з Украінай, якая рыхтавалася, а Будапэшт лічыў, што зможа забраць частку ўкраінскай тэрыторыі.
Аб гэтым заявіў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў у эфіры нацыянальнага тэлемаратону, яго цытуе ТСН.
Апрача таго, на думку Данілава, Кіеў ня можа падпісаць мірную дамову з Масквой. «З Расеяй мы можам падпісаць толькі яе капітуляцыю», — сказаў ён падчас тэлемаратону.
Чыноўнік не раскрыў крыніцы сваёй інфармацыі аб пазыцыі Вугоршчыны. Ён адказваў на пытаньне аб магчымасьці ўступленьня ў NATO, чальцом якога зьяўляецца і Вугоршчына. «Паглядзім, якія наступствы пасьля гэтай вайны будуць для гэтай краіны», — сказаў Данілаў. Будапэшт гэтую заяву на момант публікацыі навіны не камэнтаваў.
Адносіны Кіева і Будапэшта значна астылі пасьля пачатку вайны Расеі з Украінай. Аднак і да яе бакі мелі значныя рознагалосьсі. Будапэшт абвінавачваў Кіеў у прыгнёце вугорскай этнічнай меншасьці на захадзе Ўкраіны, украінскія ўлады абвінавачваюць урад Віктара Орбана ў раздачы пашпартоў у Закарпацьці і цесным супрацоўніцтве з Крамлём.
У пачатку красавіка ў Вугоршчыне прайшлі парлямэнцкія выбары, на якіх тэма вайны ва Ўкраіне стала адным з асноўных дыскусійных пытаньняў паміж Орбанам і апазыцыяй.
Апазыцыя абвінаваціла прэм’ер-міністра ў здрадзе нацыянальным інтарэсам з прычыны супрацоўніцтва з Масквой, той у адказ заявіў, што Будапэшт спрабуюць уцягнуць ва ўкраінскую вайну. Пасьля пераканаўчай перамогі на выбарах Орбан заявіў, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі быў адным з супернікаў, зь якім яму фактычна прыйшлося змагацца на выбарах.