Выданьне Zerkalo.io расказвае адкуль Патрон узяўся і чаму меркавалася, што славы ён даб’ецца зусім на іншай ніве.
Патрон — украінскі службовы сабака пароды джэк-расэл-тэрʼер. Пароду вывелі ў Англіі ў ХІХ стагодзьдзі для паляваньня на лісіц. Для пасьпяховага выкананьня сваёй працы гэтым сабакам патрэбен быў ня толькі выдатны нюх, але і моцныя лапы, каб адкопваць норы, куды хаваліся зьвяры.
Усё гэта дазволіла Патрону стаць зоркай разьмінаваньня. І гэта пры тым, што сабаку наогул не зьбіраліся дрэсаваць як сапэра. Сабака з радаводу (такія могуць каштаваць ад некалькіх сотняў да некалькіх тысяч даляраў) павінен быў удзельнічаць у выставах і спаборніцтвах пародзістых сабак.
Купіў джэк-расэл-тэрʼера Міхаіл, кіраўнік піратэхнічнай групы Чарнігаўскай вобласьці, у падарунак сыну.
А потым пачалася вайна. І зь першага дня ўварваньня Расеі сабаку рыхтавалі ўжо да «ваеннай карʼеры» — вучылі распазнаваць пах розных порахаў і выбуховых рэчываў. Дарэчы, да ваяўнічай мянушкі Патрон вайна дачыненьня ня мае — сабаку назвалі так задоўга да пачатку баявых дзеяньняў. Спачатку гаспадар назваў сабаку Куля, але мянушка не прыжылася — затое добра падышло блізкае па значэньні слова Патрон.
Упершыню пра джэк-расэл-тэрʼера даведаліся 15 сакавіка, калі пра яго напісала ў Facebook Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацый Украіны.
«Знаёмцеся, гэта Патрон. Яму два гады. Ён душа і талісман нашых чарнігаўскіх піратэхнікаў. Суправаджае іх заўсёды і ўсюды. Дарэчы, вельмі любіць сыр, таму нашы хлопцы пры нагодзе балуюць яго смачненькім», — гаворыцца ў пасьце, зь якога пачалася слава Патрона.
Пры гэтым сабака не працуе афіцыйна на службе ў ГСНС Украіны, таму заробку яму ня плацяць. Працуе ён за корм і ласку, а яшчэ Патрону зрабілі фірмовую камізэльку з шаўронам ратавальнікаў. Гэтая камізэлька цяпер — неадʼемная частка вобразу славутага сапэра.
Звычайна Патрон працуе каля разьбітай тэхнікі расейскіх войскаў або на замінаваных тэрыторыях (пры адступленьні арміі Расеі з-пад Чарнігава тут засталося шмат як спэцыяльна пастаўленых, так і проста кінутых сьмяротна небясьпечных «падарункаў»).
Адзінае, што Патрону не давяраюць, — працу ў лесе, дзе шмат варожых расьцяжак, адсачыць якія сабаку можа быць не пад сілу. Таксама ў сабакі пачынаюцца праблемы зь нюхам, калі паблізу занадта шмат згарэлай тэхнікі, — тады Патрон пачынае чхаць.
«Калі працуем на супрацьтанкавых мінах, ён разумее, што недзе павінна быць нешта закапана, яго трэба знайсьці і, як нешта знаходзіць, ён падае сыгнал», — апавядае кіраўнік групы піратэхнічных работ УГСНС Чарнігаўскай вобласьці, гаспадар Патрона Міхаіл Ільеў.
Слава Патрона прывяла да таго, што пра сабачку сталі расказваць небыліцы — напрыклад, што ён цэлы тыдзень разьміноўваў Бучу пад Кіевам. Ратавальнікі адрэагавалі хутка і сказалі, што сабака працуе пад Чарнігавам і ніяк ня мог разьміноўваць прыгарад сталіцы, таму пападацца на фэйкі ня варта.
Сабака-талісман ужо пабываў у гасьцях у дзяцей.
У сацсетках траплялася інфармацыя, што перавагай Патрона зьяўляецца выключна маленькая вага — нібыта ад гэтага сабака ня можа прымусіць здэтанаваць як супрацьтанкавую, так і супрацьпяхотную міну і здольны адкопваць выбуховыя «падарункі» без праблем. Аднак гэтае пытаньне дыскусійнае: так, сярод вядомых сабак-сапэраў былі і аўчаркі, і колі (даволі буйныя пароды), і наогул малы памер і вага сабакі, наколькі вядома, патрабаваньнем для працы на разьміноўваньні не зьяўляецца.
Так ці інакш, маленькі сабака Патрон пасьпяхова выконвае сваю працу, да 19 сакавіка на яго рахунку было ўжо больш за 90 знойдзеных мін і снарадаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Сабакі засталіся на 30 дзён адны, бязь ежы і вады». Як украінскі дрэсіроўшчык ратуе хатніх жывёлаў на КіеўшчынеВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.