На парадзе 9 траўня ў Маскве ня будзе лідэраў іншых дзяржаваў

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

На традыцыйны вайсковы парад на 9 траўня ў Маскву не прыедуць лідэры замежных дзяржаваў

Крэмль нікога не запрашаў, бо «год не юбілейны», паведаміў прадстаўнік прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў. Паводле яго, не плянуецца, у прыватнасьці, удзел у парадзе і Аляксандра Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ключавая мэта — правесьці ў Марыюпалі «парад ваеннапалонных»». Вайсковы экспэрт — аб хадзе вайны на Данбасе

Замежныя лідэры прыяжджалі амаль на кожны парад. Самая прадстаўнічая прысутнасьць была ў 2005 годзе, калі Расея адзначала 60-годзьдзе перамогі ў Другой сусьветнай. Тады на мерапрыемстве прысутнічалі прэзыдэнт ЗША Джордж Буш і прэзыдэнт Францыі Жак Шырак, канцлер Нямеччыны Герхард Шродэр, старшыня КНР Ху Цзіньтао, прэм’ер-міністры Італіі — Сыльвіё Бэрлюсконі і Японіі — Дзюнʼіціра Каідзумі.

Парад на 70-годзьдзе Перамогі ў 2015 годзе праходзіў пасьля анэксіі Крыму і быў праігнараваны лідэрамі заходніх краінаў, аднак амаль штогод з таго часу на Краснай плошчы аказваўся нехта зь лідэраў іншых дзяржаваў. Летась гэта быў прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон.