У Міністэрстве абароны ЗША заявілі, што цяпер на тэрыторыі Ўкраіны ваююць 92 расейскія батальённыя тактычныя групы і яшчэ 20 знаходзяцца на адпачынку ці перагрупоўваюцца, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША таксама адзначыў, што ў Харкаўскай вобласьці каля Ізюму адбываецца жорсткае супрацьстаяньне, але ніводзін з бакоў пакуль ня мае пераваг: тэрыторыі пераходзяць ад аднаго боку да другога па некалькі разоў на дзень.
Паводле зьвестак амэрыканскіх вайскоўцаў, за 63 дні вайны расейскія войскі зрабілі больш як 1900 ракетных атак па ўкраінскай тэрыторыі.
Расея: эвакуацыя з заводу «Азоўсталь» — ня тэма для перамоў
Позна ўвечары 28 красавіка, калі ўжо адбыліся абстрэлы Кіева, дзе зь візытам знаходзіўся генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль ня бачыць тэмы для перамоў у сытуацыі вакол заводу «Азоўсталь».
Дзень таму расейцы абстралялі прамысловую пляцоўку заводу шматтоннымі супрацьбункернымі бомбамі, якія пацэлілі ў палявы шпіталь. Многія цывільныя і вайскоўцы атрымалі паўторныя раненьні.
«Прэзыдэнт (Пуцін) сказаў цалкам зразумела — цывільныя могуць выйсьці і ісьці ў любы бок. Вайскоўцы павінны скласьці зброю і таксама выйсьці. Ім захаваюць жыцьцё. Усе параненыя і хворыя атрымаюць мэдычную дапамогу. Што можа быць тэмай для перамоў у гэтым выпадку?», — сказаў Пяскоў.
У той жа час інфармацыйнае агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы ў Офісе прэзыдэнта Ўкраіны паведаміла, што эвакуацыя з Марыюпаля заплянаваная на 29 красавіка. Але віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Ірына Верашчук, якая займаецца перамовамі аб гуманітарных калідорах, пакуль нічога аб дамоўленасьці не паведамляла.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пасьля перамоў з генэральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам заявіў аб гатоўнасьці да перамоў з Расеяй аб эвакуацыі грамадзян з пляцоўкі «Азоўсталь».
«Медзьвядчук не актыў»
Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк заявіў, што Расея пакуль не адрэагавала на прапанову абмяняць арыштаванага ва Ўкраіне лідэра партыі «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё» Віктара Медзьведчука.
Паводле Падаляка, ва Ўкраіне хтосьці «брэндаваў» яго як чалавека ўплывовага і важнага для Расейскай Фэдэрацыі, «а высьветлілася, што ён ім практычна не патрэбен».
«Мэта разьбіць Марыюпаль, зьнішчыць яго, забіць там амаль усіх абаронцаў для іх значна большая, як яны лічаць з прапагандысцкага пункту гледжаньня, чым забраць Медзьведчука ці каго іншага. Таму, на жаль, Медзьвядчук не актыў. На жаль, мы ня можам абмяняць яго на нашых хлопцаў. То бок усе прапановы, у тым ліку і пра магчымасьць абмену Медзьведчука, знаходзяцца на ўмоўным стале абменных перамоваў. Мы проста бачым рэакцыю расейскага боку, што Медзьвядчук для іх не зьяўляецца каштоўным набыткам. Увогуле», — сказаў Міхайла Падаляк у інтэрвію Радыё Свабода.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Генэральны сакратар ААН у Кіеве: Марыюпальцам патрэбен «шлях паратунку з апакаліпсісу»Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.