Улады Марыюпалю: расейскія войскі атакуюць палявы шпіталь супрацьбункернымі бомбамі

Ілюстрацыйнае фота. Наступствы атакі расейскіх вайскоўцаў у Марыюпалі: зьнішчаны будынак чыгуначнага вакзалу, 26 красавіка 2022 году

Марыюпальская гарадзкая рада паведаміла, што расейскія войскі атакуюць шматтоннымі супрацьбункернымі бомбамі прамысловую пляцоўку заводу «Азоўсталь», дзе знаходзіцца вайсковы палявы шпіталь.

«Пасьля варожай атакі частка памяшканьня абвалілася, у тым ліку апэрацыйная, што робіць немагчымай дапамогу абаронцам Марыюпалю і цывільным у ранейшых умовах. Ёсьць загінулыя і паўторна параненыя», — паведамілі гарадзкія ўлады са спасылкай на полк «Азоў», які разам з марскімі пяхотнікамі абараняе Марыюпаль.

Жэнэўская канвэнцыя гарантуе абарону стацыянарных і перасоўных мэдычных устаноў. Гэты дакумэнт таксама гарантуе абарону параненым і хворым, незалежна ад таго, вайсковыя яны ці цывільныя.

«Заклікаем міжнародныя арганізацыі па абароне правоў чалавека адрэагаваць на тое, што Расея працягвае зьнішчаць нават тых абаронцаў Марыюпалю, якія ня могуць трымаць у руках зброю», — паведамілі ў палку «Азоў».

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выбухі ў Херсоне і Харкаве; у Кіеве абстралялі Шаўчэнкаўскі раён; генсакратар ААН ва Ўкраіне. 64-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Спадарожнік зафіксаваў трэцяе месца масавага пахаваньня пад Марыюпалем

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Перастаў размаўляць і сьмяяцца». Гісторыя пяцігадовага хлопчыка, які ледзь не памёр ад голаду ў Марыюпалі