Нямецкі Бундэстаг прагаласаваў за пастаўкі цяжкага ўзбраеньня Ўкраіне

Сьцягі ЭЗ, Украіны і Нямеччыны лунаюць перад будынкам Рэйхстагу. Бэрлін, сакавік 2022 году

Раней нямецкія ўлады неаднаразова крытыкавалі за прамаруджваньне ФРГ з пастаўкамі зброі ва Ўкраіну.

«За» прагаласавалі 586 з 693 прысутных дэпутатаў, 100 былі «супраць», 7 устрымаліся. Прыняцьцю рашэньня папярэднічалі амаль 70-хвілінныя спрэчкі.

Прадастаўленьне ўзбраеньняў падтрымалі партыі кіроўнай кааліцыі і блёк правацэнтрысцкіх палітычных партый у Нямеччыне ХДС/ХСС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Нямеччына перадасьць Украіне цяжкае ўзбраеньне

Нядаўна пра намер перадаць цяжкае ўзбраеньне Ўкраіне заявіла міністар замежных справаў Нямеччыны Анналена Бэрбак.

На другі дзень свайго турнэ па краінах Балтыі Бэрбак адрэагавала на крытыку саюзьнікаў і камэнтатараў з нагоды прамаруджваньня Нямеччыны з пастаўкамі зброі ва Ўкраіну.

«Для нас няма табу ў дачыненьні да бранятэхнікі і іншай зброі, якая неабходна Ўкраіне», — сказала кіраўніца нямецкага МЗС у сумеснай прэс-канфэрэнцыі з кіраўніцай замежнапалітычнага ведамства Эстоніі Эвай-Марыяй Ліймэтс.

Раней газэта Bild абвінаваціла канцлера Оляфа Шольца ў блякаваньні паставак танкаў.

Да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага Нямеччына, у адрозьненьне ад шэрагу краін NATO, адмаўлялася пастаўляць Украіне зброю. Потым гэтая забарона была зьнятая і былі пастаўлены супрацьтанкавыя і супрацьпаветраныя сыстэмы.
Украінскія ўлады, аднак, настойваюць на тым, што ім патрэбен больш поўны спэктар узбраеньняў, у тым ліку цяжкая бранятэхніка і самалёты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Нямеччына дасьць Украіне самаходныя зэнітныя ўстаноўкі Gepard

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Канцлер Нямеччыны Шольц: агрэсія Пуціна стала паваротным пунктам