ЗША: расейцы расстрэльвалі ўкраінцаў, якія хацелі здацца ў палон у Данецкай вобласьці

Шэўрон украінскага вайскоўца на пазыцыях у Данецкай вобласьці

Пра новыя ваенныя злачынствы Расеі на ўкраінскай тэрыторыі расказалі з трыбуны ААН.

ЗША маюць надзейныя доказы, што Расея пакарала сьмерцю ўкраінцаў, якія спрабавалі здацца ў Данецкай вобласьці, заявіла пасол ЗША па асаблівых даручэньнях ў глябальным крымінальным правасудзьдзі Бэт Ван Шаак на пасяджэньні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН), піша The Hill.

«Цяпер мы маем вартую даверу інфармацыю аб тым, што расейская вайсковая частка, якая дзейнічала ў ваколіцах Данецку, расстраляла ўкраінцаў, якія спрабавалі здацца, а не ўзяла іх пад варту», — сказала яна на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН, прысьвечаным адказнасьці ва Ўкраіне.

«Калі гэта праўда, гэта будзе парушаць асноўны прынцып ваеннага права: забарону на сьмяротнае пакараньне цывільных асобаў і камбатантаў, якія выйшлі з бою ў выніку капітуляцыі, раненьня або іншых формаў страты дзеяздольнасьці», — дадала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гэта як бамбіць менскі „Ўсход“». Украінская архітэктарка пра разбурэньні і ахвяры вайны

Расея адмаўляе абвінавачаньні ў ваенных злачынствах і працягвае называць вайну «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй», накіраванай на вызваленьне Ўкраіны.

«Наша простае пасланьне вайсковаму і палітычнаму кіраўніцтву Расеі і шараговым асобам такое: сьвет глядзіць, і вы будзеце несьці адказнасьць», — сказаў Ван Шаак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трыбунал і «Кніга катаў»: у Офісе Зяленскага расказалі, як прасоўваецца праца над пакараньнем Расеі