Зяленскага запрасілі на саміт G20, на якім ня хочуць бачыць Пуціна

Уладзімір Зяленскі. Кіеў, 26 красавіка 2022

Уладзімір Зяленскі паведаміў, што прэзыдэнт Інданэзіі запрасіў яго на саміт G20

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі атрымаў запрашэньне наведаць саміт «Групы 20». Паводле Зяленскага, яго агучыў прэзыдэнт Інданэзіі Джока Відода падчас размовы 27 красавіка.

Зяленскі падзякаваў Відоду за падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, у прыватнасьці за «дакладную пазыцыю ў ААН». Ён адзначыў, што бакі таксама абмеркавалі пытаньні харчовай бясьпекі.

«Удзячны за запрашэньне на саміт G20», — адзначыў Зяленскі. Відода пакуль не камэнтаваў размовы.

Саміт «Групы 20» плянуецца ў правінцыі ў лістападзе 2022 году. Яго будзе праводзіць Інданэзія, якая старшынюе ў G20.

Міністар фінансаў ЗША Джанэт Элен заявіла на пачатку красавіка, што Расея павінна быць выключаная з клюбу 20 найбуйнейшых эканомік сьвету G20, і папярэдзіла, што ейная краіна будзе байкатаваць «шэраг сустрэч» у фармаце G20, калі на іх зьявяцца расейскія прадстаўнікі.

G20 — гэта група найбуйнейшых эканомік сьвету, мэта якой — каардынацыя дзеяньняў у найважнейшых пытаньнях, якія ўплываюць на сусьветную эканоміку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША і Вялікая Брытанія патрабуюць выключэньня Расеі з G20 і Рады правоў чалавека ААН