Кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША: міжнародны парадак разбурыцца, калі Расеі сыдзе з рук вайна ва Ўкраіне

Кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША генэрал Марк Мілі

Увесь міжнародны парадак будзе разбураны, калі прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну «без асаблівых выдаткаў» сыдзе з рук ягоная несправакаваная вайна ва Ўкраіне, заявіў кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў генэрал Марк Мілі.

«Калі ўсё так пакінуць, калі адказу на гэтую агрэсію ня будзе, калі Расеі гэта сыдзе з рук без асаблівых выдаткаў, то зьнікне і так званы міжнародны парадак», — заявіў Мілі ў інтэрвію CNN.


«А калі гэта адбудзецца, то мы ўступім у эпоху сурʼёзнага ўзрастаньня нестабільнасьці», — дадаў ён.

Генэрал заявіў, што праз расейскае ўварваньне, якое ўжо прывяло да гібелі тысяч чалавек і вымусіла мільёны пакінуць свае дамы, на карту «пастаўлена значна больш, чым Украіна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўнік Пэнтагону: ЗША хочуць паслабленьня Расеі

«На карту пастаўлена бясьпека Эўропы», — заявіў Мілі, дадаўшы, што расейскае ўварваньне зьяўляецца «найбольшым выклікам бясьпецы Эўропы з часоў Другой сусьветнай вайны».

«На самай справе можна лёгка паказаць, што на карту пастаўлены глябальны парадак міжнароднай бясьпекі, усталяваны ў 1945 годзе», — заявіў Мілі CNN на ваеннай базе Рамштайн у Нямеччыне пасьля сустрэчы міністра абароны ЗША Лойда Остына з прадстаўнікамі саюзных краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пэнтагон: У выніку вайны ва Ўкраіне Расея стала слабейшай