Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы заявіў, што Расея мае намер дасягнуць пагадненьняў з Украінай і не адмаўляецца ад дыпляматычнага ўрэгуляваньня сытуацыі, падкрэсьліўшы, што перамовы дэлегацый у Стамбуле былі пасьпяховыя.
«Нам удалося дамагчыся дастаткова сур’ёзнага прарыву. Патрабаваньні бясьпекі нашы ўкраінскія калегі ня сталі зьвязваць з такім паняцьцем, як міжнародна прызнаныя межы Ўкраіны», — сказаў Пуцін.
Пры гэтым, па словах расейскага прэзыдэнта, пасьля перамоваў у Стамбуле Масква сутыкнулася з «правакацыямі» — гэтак Пуцін апісаў падзеі ва ўкраінскім горадзе Буча, дзе загінулі некалькі сотняў чалавек.
Менавіта гэты эпізод нібыта стаў «каменьнем спатыкненьня» ў перамовах дзвюх краінаў. Па словах Пуціна, спачатку Ўкраіна гатовая была вынесьці пытаньні Данбасу і Крыму «за дужкі», але пасьля Бучы адмовілася абмяркоўваць іх, акрамя як на прамых перамовах прэзыдэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Генсакратар ААН у Маскве прапанаваў стварыць групу для перамоваў аб гуманітарных калідорах ва ЎкраінеГенэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш выказаў падтрымку намаганьням Турэччыны па арганізацыі перамоваў, а таксама прапанаваў стварыць кантактную групу ААН — Расея — Украіна па гуманітарных калідорах.
У прыватнасьці — вырашыць пытаньне аб эвакуацыі людзей з заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі, дзе працягваюць утрымліваць абарону ўкраінскія вайскоўцы. Расейскі прэзыдэнт, паводле інфармацыі офісу генэральнага сакратара ААН, пагадзіўся прыцягнуць Чырвоны крыж і ААН для эвакуацыі мірных грамадзянаў, якія таксама застаюцца на тэрыторыі заводу. Пры гэтым Уладзімір Пуцін падкрэсьліў, што баявыя дзеяньні ў Марыюпалі скончыліся, больш за 1300 украінскіх вайскоўцаў здаліся ў палон, а раней — пры садзейнічаньні Расеі — з Марыюпалю ўжо эвакуавалі 140 тысяч мірных жыхароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Амбудсвумэн Украіны Дзянісава: у Расеі ўкраінскіх ваеннапалонных утрымліваюць у калёніях агульнага рэжымуГутэрыш назваў тое, што адбываецца ва Ўкраіне, уварваньнем на яе сувэрэнную тэрыторыю, Пуцін назваў дзеяньні расейскіх вайскоўцаў «вымушанай мерай», дадаўшы, што жыхары Данбасу апынуліся на восем гадоў у блякадзе з прычыны дзеяньняў украінскіх уладаў.
Прэзыдэнт Расеі таксама падкрэсьліў, што краіна заўсёды падтрымлівала і будзе падтрымліваць ААН, а таксама яе статут, у якім гаворыцца, што ўсе ўдзельнікі міжнародных зносінаў роўныя паміж сабой незалежна ад моцы, велічыні і свайго геаграфічнага становішча.
- Гэта першы візыт у Расею генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша пасьля пачатку расейскага шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. 26 красавіка, перад сустрэчай з Уладзімірам Пуціным, ён таксама правёў перамовы зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым.
- З Масквы генэральны сакратар ААН мае намер адправіцца ў Кіеў. Маршрут паездкі крытыкаваў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Ён казаў, што генэральнаму сакратару спачатку трэба было наведаць Украіну і паглядзець на разбурэньні, а ўжо затым ехаць у Маскву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Місія ААН зафіксавала ў Бучы 50 наўмысных забойстваўГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея не пагадзілася на прапанову ААН увесьці ва Ўкраіне «велікодную гуманітарную паўзу» у баях