«Фільтрацыйныя лягеры нагадваюць гета». Марыюпальцы расказваюць, як ім удалося пазьбегнуць дэпартацыі ў Расею

Эвакуацыя з аточанага расейскім войскам Марыюпаля, красавік 2022

Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава паведаміла, што ў Расею гвалтам вывезьлі 808 тысяч украінцаў, зь якіх 153 тысячы — дзеці.

Украінскія ўлады расказваюць, што ўсе ўкраінскія грамадзяне, якіх высылаюць у Расею або якія намагаюцца эвакуавацца на падкантрольную Кіеву тэрыторыю, праходзяць праз расейскія так званыя фільтрацыйныя лягеры — месцы, дзе іх дапытваюць, здымаюць адбіткі пальцаў і правяраюць на магчымую сувязь з вайскоўцамі. Расейскія ўлады запэўніваюць, што нібыта гвалтам нікога не вывозяць нас сваю тэрыторыю, і называюць гэта «эвакуацыяй».

Дзьве сямейныя пары, якія перажылі жах блякаднага Марыюпалю, падзяліліся з BBC успамінамі пра тое, як яны праходзілі «фільтрацыю» для далейшай эвакуацыі.

Жыхары Марыюпаля чакаюць эвакуацыі, 24 красавіка

«Гэта нагадвала сапраўдны канцлягер»

Алена і Аляксандар цяпер у Львове. Алена ўспамінае, як у фільтрацыйных лягерах пажылыя людзі спалі ў калідорах без матрацаў і коўдры. На тысячы людзей быў толькі адзін унітаз і адна ракавіна. Неўзабаве пачалася дызэнтэрыя. «Не было магчымасьці памыцца. Смурод быў жудасны», — расказала Алена.

Паводле яе, мыла і дэзынфэкцыйныя сродкі закончыліся на другі дзень іхнага знаходжаньня ў лягеры, а яшчэ празь некалькі дзён — туалетная папера і гігіенічныя пракладкі.

«Гэта нагадвала сапраўдны канцлягер», — адзначыў Аляксандар.

У іх зьнялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі з усіх бакоў і некалькі гадзін дапытвалі расейскія сілавікі. «Як у турме», — дадаў ён.

Алена і Аляксандар выдалілі са сваіх тэлефонаў усе доказы сувязяў з Украінай, у тым ліку фатаздымкі дачкі з украінскім сьцягам.

Аляксандар кажа, што на допытах расейцы вывучалі фатаздымкі, гісторыю тэлефанаваньняў і кантакты з журналістамі або прадстаўнікамі ўлады і арміі.

«Калі чалавека падазравалі ў тым, што ён „украінскі нацыст“, яго везьлі ў Данецк для далейшага расьсьледаваньня ці забойства. Які-небудзь невялікі сумнеў і супраціў — і цябе маглі кінуць у падвал для допыту і катаваньняў. Усе баяліся, што іх павязуць у Данецк», — расказаў Аляксандар.

Дзеці Марыюпалю, якія хаваюцца ў падвалах на заводзе «Азоўсталь» пад абстрэламі расейскіх войскаў, красавік 2022

Пасьля допыту і надгляду Алене і Аляксандру сказалі, што яны маюць дазвол на выезд на 148-м эвакуацыйным аўтобусе. Але за тыдзень зь лягера выехала ўсяго 20 аўтобусаў. У той жа час для выезду ў Расею арганізавалі шмат аўтобусаў, у адзін зь якіх іх прымушалі сесьці, але яны адмовіліся і зьвярнуліся да прыватных кіроўцаў, рызыкуючы тым, што і тыя маглі быць калябарантамі.

«У нас не было выбару — або прымусовая дэпартацыя ў Расею, або рызыка з гэтымі прыватнымі кіроўцамі», — патлумачыла Алена.

Паводле яе, кіроўца «палямі, грунтовымі дарогамі, вузкімі сьцежкамі, абмінаючы расейскія блёкпасты» змог вывезьці іх зь фільтрацыйнага лягеру да акупаванага Расеяй Бярдзянску, а потым яны тры дні шукалі маршрут, каб знайсьці яшчэ аднаго кіроўцу, які быў гатовы рызыкнуць і вывезьці іх на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю. Гэты кіроўца змог аб’ехаць 12 расейскіх блёкпастоў і давёз іх да Запарожжа, адкуль яны цягніком паехалі ў Львоў.

«Зь фільтрацыйных лягераў можна ўцячы толькі зь мясцовымі прыватнымі кіроўцамі. На шчасьце, сярод іх ёсьць і добрыя людзі», — дадаў Аляксандар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Пашпарты забіраюць яшчэ ў фільтрацыйным лягеры». Упаўнаважаная па правах чалавека — пра ўкраінцаў, вывезеных у Расею

Сказалі, што вязуць ва Ўкраіну, а аўтобусы ехалі ў Расею ці Данецк

Валянціна і яе муж Яўген таксама ўжо некалькі дзён знаходзяцца ў Львове.

У Марыюпалі яны хаваліся ў падвале, а зь ежы мелі кансэрвы і крыху бульбы з уласнага агароду. Ваду яны бралі з бойлера.

Празь «фільтрацыю» яны прайшлі хутка, магчыма, дзякуючы іхнаму ўзросту і інваліднасьці Яўгена. Маладым, сьцьвярджае Валянціна, было значна горш.

«Фільтрацыйны лягеры нагадваюць гета. Расейцы дзеляць людзей на групы. Для тых, каго падазравалі ў сувязях з украінскай арміяй, тэрытарыяльнай абаронай, журналістамі і работнікамі ўлады, гэта вельмі небясьпечна. Яны вязуць гэтых людзей у турмы ў Данецк і катуюць», — кажа Валянціна.

Кадыраўцы» з батальёна «Ахмат» ва ўкраінскім Марыюпалі, 17 красавіка 2022 года

Валянціна і Яўген гавораць, што шмат каго адправілі зь фільтрацыйных лягераў у Расею — людзям сказалі, што яны едуць на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю, але аўтобус накіроўваўся на тэрыторыю, якую ўтрымлівае Расея. Ім удалося ўцячы пры дапамозе прыватнага кіроўцы.

«Калі мы нарэшце пабачылі ўкраінскіх вайскоўцаў і сьцяг, калі пачулі ўкраінскую мову, усе ў аўтобусе пачалі плакаць. Гэта проста неймаверна, што мы засталіся жывыя і нарэшце ўцяклі зь пекла», — кажа Валянціна.

«Гораду (Марыюпалю. — РС) больш няма. Нават сьценаў. Проста вялізныя кучы руінаў. Я ніколі не магла нават уявіць такога гвалту», — дадала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Спадарожнік зафіксаваў трэцяе месца масавага пахаваньня пад Марыюпалем