Аўстрыя выступіла супраць эўраінтэграцыі Ўкраіны. Кіеў «расчараваны» заявамі аўстрыйскага міністра замежных спраў
Аляксандар Шаленбэрг
Міністэрства замежных спраў Украіны асудзіла выказваньні кіраўніка дыпляматыі Аўстрыі аб непажаданасьці ўступленьні Ўкраіны ў Эўразьвяз. Пра гэта гаворыцца ў камэнтарыі сьпікера ведамства Алега Нікаленкі для Радыё Свабода.
«Расчараваныя выказваньнямі фэдэральнага міністра замежных спраў Аўстрыі аб эўрапейскай будучыні Ўкраіны. Лічым іх стратэгічна недальнабачнымі і не адпаведнымі інтарэсам аб’яднанай Эўропы. Такія выказваньні таксама ігнаруюць той факт, што пераважная большасьць насельніцтва краін-заснавальніц ЭЗ падтрымлівае сяброўства Ўкраіны», — адзначыў ён.
Нікаленка таксама сказаў, што міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба ўжо адзначаў, што ўкраінскі народ «плаціць занадта высокую цану за памылкі многіх эўрапейскіх урадаў».
«Іх неаб’ектыўнае ўспрыманьне рэальнасьці ўжо прывяло да палітычнага і эканамічнага паслабленьня Эўропы, дазволіла Расеі падрываць стабільнасьць у ЭЗ і ўвасабляць гібрыдную агрэсію супраць эўрапейскіх краін», — сьцьвярджае сьпікер МЗС.
Паводле ацэнкі дыпляматычнага ведамства, далейшая адтэрміноўка членства Ўкраіны ў ЭЗ будзе роўная патаканьню расейскай агрэсіі і будзе тармазіць умацаваньне Эўразьвязу.
«Ва Ўкраіны ёсьць усе падставы патрабаваць аб’ектыўнага прызнаньня яе заслуг і стратэгічнай ролі для ЭЗ. Дзякуючы нязломнай волі і сьмеласьці прэзыдэнта Ўкраіны і ўкраінскага народу Эўропа можа сёньня жыць у міры», — сказаў Нікаленка.
Напярэдадні зьявілася заява міністра замежных спраў Аўстрыі Аляксандра Шаленбэрга, які сьцьвярджае, што Ўкраіне ня трэба надаваць статус кандыдата на сяброўства ў ЭЗ, а таксама што ёй ня варта ўступаць у блёк увогуле.