У Расеі абвясьцілі мэту другога этапу вайны ва Ўкраіне — выхад у Крым і Прыднястроўе

Расейская ваенная тэхніка са знакам «Z». Крым, Украіна, сакавік 2022 года. Ілюстрацыйнае фота

Намесьнік камандуючага Цэнтральнай вайсковай акругі Расеі Рустам Міннекаеў назваў дзьве мэты, якія расейскія войскі плянуюць дасягнуць у часе другога этапу вайны супраць Украіны.

Як паведамляе расейскае выданьне «Коммерсант», мова ідзе аб забесьпячэньні сухапутнага выхаду ў Крым і Прыднястроўе.

«З пачатку другой фазы спэцапэрацыі, яна ўжо пачалася літаральна два дні таму, адной з задач расейскай арміі зьяўляецца ўсталяваньне поўнага кантролю над Данбасам і Паўднёвай Украінай. Гэта дазволіць забясьпечыць сухапутны калідор у Крым, а таксама ўзьдзейнічаць на на жыцьцёва важныя аб’екты ўкраінскай эканомікі», — сказаў Рустам Міннекаеў на гадавым зборы Саюза прадпрыемстваў абаронных галінаў прамысловасьці Сьвярдлоўскай вобласьці 22 красавіка.

Паводле яго, кантроль над поўднем Украіны зробіць магчымым для Ўзброеных сіл Расеі яшчэ «адзін выхад у Прыднястроўе, дзе адзначаюцца факты ўціскаў расейскамоўнага насельніцтва».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі абвясьцілі мэту другога этапу вайны ва Ўкраіне — выхад у Крым і Прыднястроўе: 58-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінская выведка: Расея плянуе мабілізацыю ўкраінцаў у акупаваных раёнах Запароскай і Херсонскай вобласьцяў