Яшчэ адзін мэмарыял адмовіўся ад удзелу ўладаў Беларусі і Расеі ва ўшанаваньні ахвяраў нацызму

Дзяржаўны сьцяг Беларусі зьнялі ў лягеры Бухэнвальд. 10 красавіка 2022 г.

Захады да гадавіны вызваленьня канцлягеру Флёсэнбюрг адбудуцца безь Беларусі і Расеі

Адміністрацыя мэмарыялу «Даліна сьмерці», створанага на месцы нацысцкага канцлягеру Флёсэнбюрг (Flossenbürg) у Нямеччыне, паведаміла, што ўшанаваньне памяці ахвяраў нацыстаў там пройдзе без удзелу прадстаўнікоў Расеі і Беларусі.

Як паведаміла баварскае выданьне br.de, адміністрацыя мэмарыялу ўхваліла такое рашэньне з прычыны вайны ва Ўкраіне і паінфармавала аб ім дыпляматычныя прадстаўніцтвы Беларусі і Расеі.

У той жа час у цырымоніі 24 красавіка Беларусь і Расею змогуць прадстаўляць былыя вязьні канцлягераў ці іхныя сваякі. Дзяржаўных сьцягоў Беларусі і Расеі ня будзе на мэмарыяльных захадах, а вянкі, якія традыцыйна ўскладалі прадстаўнікі дзяржаваў, на цяперашняй цырымоніі будуць несьці прадстаўнікі Баварскага фонду памяці. На вянках замест дзяржаўнай сымболікі Беларусі і Расеі будуць белыя стужкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Афіцыйных асобаў Беларусі і Расеі не запросяць на гадавіну вызваленьня канцлягеру Маўтгаўзэн у Аўстрыі

Раней беларускіх чыноўнікаў не запрасілі на памятныя захады ў Бухэнвальд і Маўтгаўзэн. У Бухэнвальдзе Беларусь на цырымоніі прадстаўляў запрошаны фондам кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка.

Пасьля выступаў прадстаўнікоў Беларусі, Украіны і Расеі была абвешчана хвіліна маўчаньня. Потым Латушка ўсклаў да манумэнту вянок зь бел-чырвона-белай стужкай.

Пасьля гэтага бел-чырвона-белы сьцяг Беларусі замест афіцыйнага чырвона-зялёнага арганізатары вывесілі і на мачце сярод сьцягоў астатніх краін-удзельніц, побач са сьцягам Украіны.

Генэральная пракуратура Беларусі ў сувязі з гэтым завяла крымінальную справу аб «распальваньні нацыянальнай варожасьці» (ч. 2 арт. 130 КК). Амбасадара Нямеччыны ў Беларусі выклікалі ў МЗС.

Пазьней, 12 красавіка, амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Манфрэд Гутэрэр выйшаў да ўдзельнікаў праўладнага мітынгу, якія патрабавалі тлумачэньняў, чаму на афіцыйную акцыю памяці ахвяраў канцлягеру Бухэнвальд не запрасілі афіцыйнай дэлегацыі Рэспублікі Беларусі і чаму прыбралі дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг.

Гутэрэр выказаў шкадаваньне з прычыны замены сьцяга і сказаў, што арганізацыяй сустрэчы і запрашэньнямі займаліся не фэдэральныя ўлады, а недзяржаўная арганізацыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасол Нямеччыны ў Менску пра замену сьцяга ў Бухенвальдзе: «Імпрэзу ладзіла недзяржаўная арганізацыя»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Менск адрэагаваў на незапрашэньне дэлегацыі на цырымонію з нагоды гадавіны вызваленьня Бухэнвальду

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.