Канцэрты «Машыны часу» скасавалі пасьля выказваньняў Андрэя Макарэвіча супраць вайны

Андрэй Макарэвіч

Усе заплянаваныя канцэрты гурта «Машына часу» ў Расеі скасавалі. Пра гэта яе прадстаўнік паведаміў 21 красавіка дзяржаўнаму агенцтву РІА «Навіны».

Прычыну ён не назваў, але франтмэн гурта Андрэй Макарэвіч напярэдадні крытыкаваўся ў пракрамлёўскіх акаўнтах у сацыяльных сетках за выказваньні супраць вайны з Украінай.

У пачатку красавіка Макарэвіч выказаўся ў падтрымку музыкаў, якія зьехалі пасьля пачатку вайны. «Бачу цяўканьне наконт тых, хто зьехаў – Алы [Пугачовай], Максіма [Галкіна], Чулпан [Хаматавай], Зэмфіры... Гэта Расея зьехала ад вас, мучачы. Таму што Расея – яны, а не вы», – напісаў ён у пэрсанальным блогу.

Макарэвіч пракамэнтаваў адмену тура яшчэ 20 красавіка ў сваіх сацсетках. «Гісторыя адменаў канцэртаў »Машыны часу« ў роднай краіне – доўгая», – сказаў ён, узгадаўшы, як канцэрты гурта адмянялі ў канцы 1970-х, у пачатку 1982 і пасьля 2014 года. «Даўно жывем. Будзем жыць далей», – напісаў ён, выказаўшы шкадаваньне прыхільнікам гурта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьмерць майго брата — вайсковая таямніца». Як бураты, што ехалі на вучэньні ў Беларусь, вяртаюцца мёртвымі і параненымі з Украіны