Мэр Марыюпалю: «Амаль усе мужчыны гораду пабывалі за кратамі і на допытах у фільтрацыйных лягерах»

Вуліца захопленага расейцамі Марыюпалю, 12 красавіка 2022 году

Расея стварыла вакол заблякаванага ёю Марыюпалю чатыры фільтрацыйныя лягеры для мужчын, якія знаходзяцца ў горадзе. Пра гэта ў эфіры агульнанацыянальнага маратону паведаміў 21 красавіка мэр Вадзім Бойчанка.

«Ужо больш за тыдзень ідзе даволі складаная, вельмі жорсткая фільтрацыя... Вельмі старанна яны ставяцца да ўсіх мужчын, па некалькі разоў іх фільтруюць: яны амаль усе пабывалі за кратамі, на допытах. Таму дастаткова жорстка яны робяць зачыстку гораду: зачышчаюць ад дзяржаўных службоўцаў, муніцыпальных працаўнікоў, кудысьці іх вывозяць», — сказаў мэр Марыюпалю.

З прычыны баявых дзеяньняў Радыё Свабода ня можа незалежна праверыць гэтую інфармацыю.

Раніцай 20 красавіка камандзір 36-й асобнай брыгады марской пяхоты ВМС Узброеных сілаў Украіны Сяргей Валынскі («Валына») заклікаў замежныя дзяржавы тэрмінова правесьці «экстракцыю» з Марыюпалю — вывезьці некалькі сотняў вайскоўцаў і цывільных з «Азоўсталі» у бясьпечнае месца, каб выратаваць ад расейскіх сілаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пуцін загадаў спыніць штурм «Азоўсталі». 57-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Марыюпаль быў ачэплены расейскімі войскамі яшчэ ў першыя некалькі дзён шырокамаштабнага ўварваньня Расеі, якое пачалося 24 лютага. Украінскія падразьдзяленьні супраціўляюцца ў прыазоўскім горадзе ўжо амаль два месяцы.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў аб немагчымасьці ваеннага разблякаваньня Марыюпалю ў Данецкай вобласьці, падкрэсьліўшы, што для вызваленьня вайскоўцаў і цывільных жыхароў, якія ёсьць на тэрыторыі заводу «Азоўсталь», робяць «усё магчымае».

21 красавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін загадаў расейскаму міністру абароны Сяргею Шайгу заблякаваць кантраляваны ўкраінскімі сіламі мэталюргічны камбінат «Азоўсталь» у Марыюпалі так, каб «муха не праляцела».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што вядома пра камбінат «Азоўсталь» і чаму Пуцін вырашыў яго не штурмаваць