Што адбылося і чаму Пуцін вырашыў спыніцца?
«Заблякаваць, каб муха не праляцела»
Фактычна выглядае, што большая частка Марыюпалю пад кантролем расейскіх войскаў, апроч прамысловай пляцоўкі мэталюргічнага гіганта «Азоўсталь». Расейскі міністар абароны Сяргей Шайгу паведаміў Уладзіміру Пуціну, што спатрэбіцца яшчэ 2-3 дні, каб цалкам захапіць і гэтую пляцоўку.
Але Пуцін загадаў скасаваць штурм заводу з прычыны неабходнасьць «захаваць жыцьцё і здароўе» расейскіх салдатаў і афіцэраў.
Колькасьць загінулых расейцаў у баі за Марыюпаль невядомая. Але сілы расейскай арміі цягам усёй блякады істотна перавышалі ўкраінскія — горад заблякаваны, і ўкраінскія вайскоўцы не маглі атрымаць дапамогу зброяй і асабовым складам.
«Ня трэба лезьці ў гэтыя катакомбы і поўзаць там пад зямлёй па тых прамысловых аб’ектах. Заблякуйце гэтую прамысловую зону так, каб муха не праляцела», — запатрабаваў Пуцін ад міністра абароны.
Зруйнаваны Марыюпаль. 19 красавіка 2022
Прэзыдэнт Расеі таксама загадаў, каб камандаваньне яшчэ раз заклікала ўкраінскіх абаронцаў скласьці зброю з абяцаньнем «захаваць жыцьцё і надаць мэдычную дапамогу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі: Украіна гатовая на любы фармат абмену, каб разблякаваць МарыюпальХто застаўся на тэрыторыі заводу
Паводле расейскай вэрсіі, на тэрыторыі заводу «акапаліся каля 2000 нацыяналістаў».
Украінскі бок заявіў, што ў бамбасховішчах «Азоўсталі» знаходзяцца 1000 мірных жыхароў і 500 параненых вайскоўцаў. Віцэ-прэм’ер Украіны Ірына Верашчук заклікала міжнародную супольнасьць засяродзіцца менавіта на сытуацыі на «Азоўсталі».
«Цяпер гэта ключавое месца і ключавы момант для гуманітарных высілкаў. Патрабуем ад расейцаў тэрміновага гуманітарнага калідору з марыюпальскага камбінату «Азоўсталь», — заявіла яна.
Сяргей Валынскі («Валына») камандзір 36-й асобнай брыгады марской пяхоты Узброеных сіл Украіны.
Горад абараняюць байцы полку «Азоў» і марскія пяхотнікі. Напярэдадні азоўцы заявілі аб гатоўнасьці выйсьці з Марыюпалю, каб уратаваць параненых, але адмовіліся складаць зброю перад расейцамі.
Наступствы бамбаваньня мэталюргічнага камбінату «Азоўсталь» , 19 красавіка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пад заваламі заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі застаюцца сотні людзей«Азоўсталь» — апошняя ўкраінская фартэцыя ў Марыюпалі
Мэталюргічны камбінат «Азоўсталь» цяпер належыць украінскаму мільярдэру Рынату Ахметаву. Першая доменная печ тут запрацавала ў 1933 годзе.
Цяпер, як паведамляе BBC News Ukraine, плошча прамысловай зоны складае каля 11 квадратных кілямэтраў. Але тэрыторыя заводу абмежаваная ракой з аднаго боку і берагам Азоўскага мора — з другога.
Завод мае ўласны порт і разгалінаваную сыстэму падземных камунікацыяў. Там засталіся дзейнымі створаныя яшчэ ў савецкія часы бомбасховішчы. Расейцы штурмуюць «Азоўсталь» з 11 сакавіка, але адзінае, што яны змаглі зрабіць — гэта атачыць камбінат.
Ад пачатку баявых дзеяньняў камбінат спыніў дзейнасьць і ператварыўся ў асноўны цэнтар украінскага супраціву.
Да вайны завод быў манапалістам на ўкраінскім рынку вытворчасьці пэўных відаў мэталяпракату, а валавы даход яго займаў трэцяе месца сярод мэталюргічных прадпрыемстваў Украіны. Штогод ён выпускаў 6 мільёнаў тон чыгуну, 7 мільёнаў тон сталі, 4,5 мільёна тон пракату і іншай прадукцыі. Агульны аб’ём вытворчасьці дасягаў амаль 2 мільярды даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Масква заявіла аб захопе Марыюпалю, Пуцін скасаваў штурм заводу «Азоўсталь», які абараняюць украінскія салдатыВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.