Літва заканадаўча забараніла дэманстрацыю сымбаляў «Z» і «V», а таксама аранжава-чорную стужку

Пакінуты расейцамі танк пад Кіевам зь літарай V на борце

Эўрапейскія дзяржавы паступова забараняюць сымбалі, якія праслаўляюць агрэсію Расеі супраць Украіны.

Сэйм Літвы прыняў папраўкі да законаў аб сходах і аб адміністрацыйных правапарушэньнях, якія забараняюць сымбалі таталітарных ці аўтарытарных рэжымаў, якія выкарыстоўваюцца для прапаганды агрэсіі, злачынстваў супраць чалавечнасьці і ваенных злачынстваў, паведамляе Delfi.

Асобна ў дакумэнце адзначана забарона на аранжава-чорную («георгіеўскую») стужку, літары «Z» і «V». За дэманстрацыю такой сымболікі прадугледжаны штраф у памеры 300–700 эўра, а для юрыдычных асоб ён будзе даходзіць да 1200 эўра. Паўторнае парушэньне цягне за сабой штраф у памеры 500–900 эўра для фізычных асоб або 800–1500 эўра — для юрыдычных асоб.

«Зьмяненьні гэтага закону ня проста патрэбныя, яны неабходныя для нашай нацыянальнай бясьпекі, калі мы хочам пазьбегнуць такога лёсу, як Украіна, і прэвэнтыўна дзейнічаць з расейскай прапагандай. Яна ня дрэмле і шукае розныя шляхі, каб нацкоўваць людзей, мяняць мысьленьне, рэальнасьць. Як мы бачым, яна мае месца, і рэальнасьць ужо зьменена ў галовах грамадзян Расеі», — прыводзіць выданьне словы адной з аўтарак паправак, Монікі Ашмянскене.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы за Пуціна, але ўкраінскі народ таксама падтрымліваем». Менская крама прадае майкі з сымбалем расейскай агрэсіі

14 красавіка парлямэнт Малдовы ўхваліў законапраект, які забараняе выкарыстаньне ў краіне аранжава-чорнай стужкі і сымбаляў «Z» і «V», якія выкарыстоўваюць расейскія войскі ва Ўкраіне. За выраб, продаж і публічнае выкарыстаньне гэтых сымбаляў пагражае штраф ці грамадзкія працы. 19 красавіка прэзыдэнт краіны Мая Санду падпісала гэты закон.

Вярхоўная Рада Ўкраіны таксама забараніла выкарыстаньне літар «Z» і «V» і сымболікі Ўзброеных сіл Расеі на вопратцы, у сацсетках, СМІ, рэкляме і грамадзкіх месцах.

Таксама прыхільнікаў расейскай агрэсіі супраць Украіны пачалі заканадаўча перасьледаваць у Нямеччыне, дзе адкрылі амаль паўтары сотні справаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літоўскія дэпутаты прапанавалі прыраўняць георгіеўскую стужку і сымбаль Z да нацысцкіх і камуністычных сымбаляў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Нямеччыне распачалі больш за 140 спраў за ўхваленьне вайны Расеі супраць Украіны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.