Цывільныя ахвяры расейскай агрэсіі. Буча Кіеўскай вобласьці, 2 красавіка 2022 г.
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША вывучае магчымасьць прызнаньня Расеі спонсарам тэрарызму.
Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту Нэд Прайс заявіў, што Расея «праводзіць кампанію тэрору» ва Ўкраіне.
«Расея ня толькі ўварвалася, ня толькі пачала вайну, яна праводзіць кампанію тэрору, кампанію жорсткасьці, кампанію подлай агрэсіі супраць народу Ўкраіны. Тое, што мы бачылі на ўскраінах Кіева, у Марыюпалі, Харкаве або Бучы, — гэта яскравыя сьведчаньні», — сказаў Прайс, якога цытуе «Голас Амэрыкі».
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША вывучае магчымасьць прызнаньня Расеі спонсарам тэрарызму, заявіў на брыфінгу 18 красавіка прэс-сакратар ведамства Нэд Прайс.
«Мы працуем з прыкладна 30 краінамі на чатырох кантынэнтах, каб навязаць Расейскай Фэдэрацыі беспрэцэдэнтную цану з дапамогай нашых эканамічных санкцыяў і іншых эканамічных захадаў, уключаючы наш экспартны кантроль. Мы разгледзім усе магчымыя варыянты, даступныя нам у адпаведнасьці з заканадаўствам, варыянты, якія былі б эфэктыўнымі ў прыцягненьні Расіі да адказнасьці, — і калі гэты інструмэнт будзе даступны і эфэктыўны, мы без ваганьняў будзем яго выкарыстоўваць», — сказаў Прайс.
Як паведамляюць амэрыканскія СМІ, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі нядаўна папрасіў прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна прызнаць Расею спонсарам тэрарызму.
Reuters спасылаецца на неназванага чыноўніка Пэнтагону, які паведаміў журналістам, што Расея надалей прыцягвае сілы ва Ўкраіну, і цяпер там дзейнічае 76 батальённых тактычных групаў, што на 11 больш, чым у апошнія дні.
Тым часам Эўразьвяз асудзіў новыя ракетныя ўдары расейскіх войскаў па Ўкраіне і паабяцаў пакараньне за ваенныя злачынствы.
«Буйныя гарады, у тым ліку Харкаў, надалей цярпяць ад неразборлівых нападаў, што вядзе да далейшага зьнішчэньня мірнага насельніцтва і інфраструктуры. Напады на Львоў і іншыя гарады заходняй Украіны паказваюць, што ні адна частка краіны не забясьпечаная ад бессэнсоўных атак Крамля», — сказаў кіраўнік замежнапалітычнай службы ЭЗ Жузэп Бурэль.
Жузэп Бурэль дадаў:
«ЭЗ актыўна падтрымлівае працу Міжнароднага крымінальнага суду і захады для забесьпячэньня адказнасьці за парушэньні правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права. Ня можа быць беспакаранасьці за ваенныя злачынствы».