У расейскім палоне знаходзяцца экіпажы трох караблёў, захопленых у порце Марыюпаль

Порт Марыюпаль, Украіна

Члены экіпажаў трох грузавых караблёў застаюцца ў расейскім палоне. Іх схапілі ў Марыюпалі.

Расейцы ўтрымліваюць у палоне экіпаж трох грузавых караблёў Аzburg пад сьцягам Дамінікі, а таксама Smarta і Blue Star-1 пад сьцягам Лібэрыі. Пра гэта заявіла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Людміла Дзянісава.

42 члены экіпажу карабля і жонка капітана карабля Smarta трапілі ў закладнікі ў марскім гандлёвым порце Марыюпалю.

Па словах капітана карабля Аzburg Сяргея Дзісяка, экіпажы прайшлі «выпрабаваньне» расейскім фільтрацыйным лягерам у Мангушы. Цяпер яны знаходзяцца ў часова акупаваным Данецку пад пастаянным наглядам узброеных расейскіх вайскоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінская амбудсвумэн: У Расею гвалтам вывезьлі 808 тысячаў украінцаў, зь якіх 153 тысячы — дзеці

На думку Дзянісавай, узяўшы ў закладнікі цывільнае насельніцтва, Расея парушыла права на жыцьцё і свабоду, асабістую недатыкальнасьць, гарантаваныя артыкуламі 3 і 5 Канвэнцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод 1950 году, і права на свабоду перамяшчэньня, гарантаванае артыкулам 2 Пратаколу № 4 да Канвэнцыі.

Амбудсвумэн заклікала Камісію ААН па расьсьледаваньні парушэньняў правоў чалавека падчас вайсковага ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну ўлічыць гэтыя факты.

Раней дарадца мэра Марыюпалю Пятро Андрушчанка паведаміў, што расейцы пад Марыюпалем утрымліваюць больш за 20 тысяч чалавек у фільтрацыйных лягерах на лініі Мангуш — Нікольскае — Ялта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як Марыюпаль дынамічна разьвіваўся да вайны і чаму ён так патрэбны расейцам

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністэрства абароны Расеі: крэйсэр «Масква» затануў