Вальфовіч: «Не атрымаецца, што Захад разьвяжа агрэсію супраць Беларусі, і вайна будзе ісьці толькі тут. На іх тэрыторыі таксама будзе»

Аляксандар Вальфовіч

Аляксандар Вальфовіч у вячэрнім этэры тэлеканала «Беларусь 1» 17 красавіка абвінаваціў Польшчу і Літву ў магчымай падрыхтоўцы да агрэсіі супраць Беларусі і прыгразіў гэтым краінам разбурэньнямі і гібельлю людзей.

«На заходніх рубяжах нашай краіны адбываецца значная мілітарызацыя. Пад выглядам барацьбы спачатку зь мігрантамі, потым пад выглядам пагрозы з Усходу нашы суседзі — Польшча, Літва — трацяць вялізныя грошы на сваю абароназдольнасьць», — заявіў ён.

У Польшчы, паводле Аляксандра Вальфовіча, сёлета вырашылі патраціць «3% ад ВУП на абараназдольнасьць сваёй краіны так званую», у Літве і Латвіі — па 2,5%. Беларусь, падкрэсьліў ён, таксама «траціць грошы на свае Ўзброеныя сілы», але «разумна траціць, кропкава».

Дзяржсакратар Рады бясьпекі сказаў, што на тэрыторыі Польшчы і Літвы створана «30-тысячная групоўка аб’яднаных узброеных сіл блёку NATO».

Сёньня «там больш за 37 самалётаў, якія ажыцьцяўляюць патруляваньне штодня ўздоўж заходняй мяжы», калі раней ажыцьцяўлялася прыкладна 10, то зараз — ад 30 да 60 выведных палётаў штодня ўздоўж мяжы, заявіў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сакратар Савету бясьпекі Беларусі паўтарыў тэзісы расейскай прапаганды пра падзеі ў Бучы

Таксама Вальфовіч заявіў пра штотыднёвыя вучэньні на тэрыторыях «сумежных рэспублік» і выказаў неразуменьне пастаўкамі амэрыканскай зброі ў Польшчу.

«Яны сваю інфраструктуру прыводзяць у адпаведнасьць незразумела да чаго — да разьвязваньня, напэўна, да падрыхтоўкі да агрэсіі», — заявіў Вальфовіч.

«Я думаю, усё тое, што адбываецца сёньня ва Ўкраіне, напэўна, просты народ, польскі народ, літоўскі народ, спадзяюся, усё ж такі бачыць: якія разбурэньні, якая трагедыя, як гіне просты народ і людзі гінуць на тэрыторыі Ўкраіны. Думаю, што яны гэтага не захочуць. Таму што не атрымаецца так, што яны разьвяжуць агрэсію ў адносінах Беларусі, і ваенныя дзеяньні будуць праходзіць толькі ў Беларусі. Не. На іх тэрыторыі таксама будзе: разбурэньні, гібель, выбухі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хрэнін, Гулевіч, Дзенісенка: хто ў Мінабароны дапусьціў уцягваньне Беларусі ў вайну ва Ўкраіне

Раней Вальфовіч цалкам агучыў устаноўкі расейскай прапаганды наконт трагедыі ў Бучы, дзе ў гібелі цывільных расейцы абвінавацілі ўкраінскіх вайскоўцаў, насуперак паказаньням сьведак і фотадоказам, якія сьведчаць пра тое, што разаніну ўчынілі расейцы.