У палоне Расеі знаходзяцца каля 700 украінскіх вайскоўцаў і больш за тысячу мірных жыхароў, — віцэ-прэм’ер Украіны

Ілюстрацыйнае фота. Расейскія вайскоўцы ў Марыюпалі

Такія лічбы віцэ-прэм’ер Украіны Ірына Верашчук назвала 16 красавіка ў эфіры адзінага нацыянальнага тэлемаратону, паведамляе «Суспільне».

«Больш за тысячу цывільных у палоне ў расейцаў, больш за пяцьсот — гэта жанчыны. Мы ня будзем абменьваць вайскоўцаў на цывільных, бо гэта забаронена Жэнэўскай канвэнцыяй. Мы патрабуем адпусьціць без усялякіх умоваў нашых мірных жыхароў. Адносна колькасьці палонных у нас прыкладны парытэт: у нас каля 700 іх ваеннапалонных і ў іх каля 700 нашых вайскоўцаў», — адзначыла Верашчук.

Яна дадала, што расейцы цалкам не выконваюць Жэнэўскую канвэнцыю аб абыходжаньні з палоннымі. Больш за тое, паведаміла Верашчук, расейцы абменьваюць палонных выбарачна і не зважаюць на прадстаўленыя ўкраінскім бокам сьпісы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Абстрэлы Кіева, Харкава і Львоўскай вобласьці; баі на ўсходзе становяцца больш інтэнсіўнымі. 52-і дзень вайны Расеі супраць Украіны
  • 14 красавіка паміж Украінай і Расеяй адбыўся чацьвёрты абмен ваеннапалоннымі: у выніку абмену вызваленыя 5 украінскіх афіцэраў, 17 радавых вайскоўцаў і 8 цывільных.
  • 15 красавіка ў Херсонскай вобласьці ў раёне пасёлка Пасад-Пакроўскае таксама адбыўся абмен палоннымі: чатырох вайскоўцаў РФ абмянялі на пецярых украінскіх вайскоўцаў.
  • Цяпер Украіна вядзе перамовы аб абмене 169 вайскоўцаў Нацгвардыі Ўкраіны, якія трапілі ў палон на ЧАЭС.