Украінская чыгунка аднаўляе рух цягнікоў на Чарнігаўшчыну пасьля адступленьня расейскіх войскаў

З 16 красавіка аднаўляюцца чыгуначныя зносіны з вызваленым ад блякады расейскіх войскаў Чарнігавам і шэрагам паселішчаў Чарнігаўскай вобласьці, раней акупаваных.

Як паведамляе прэс-служба Ўкраінскай чыгункі ў Тэлеграме, рэгіянальны цягнік № 894/893 будзе адпраўляцца з Чарнігава ў 07:00 і прыбываць у Кіеў у 11:06, назад з Кіева цягнік будзе адпраўляцца ў 15:18 і прыбываць у Чарнігаў у 19:20. Ён будзе рабіць прыпынкі ў шэрагу населеных пунктаў Чарнігаўскай вобласьці.

Раней Украінская чыгунка аднавіла чыгуначныя зносіны з Сумскай вобласьцю, адкуль расейскія войскі таксама адступілі.

Чарнігаўшчыну вызвалілі ад расейскіх акупантаў на пачатку красавіка. Аднак атакі расейскіх сілаў на гэты прымежны рэгіён не спыняюцца. 15 красавіка расейскія вайскоўцы са сваёй тэрыторыі абстралялі зь мінамётаў пазыцыі ўкраінскіх памежнікаў у Чарнігаўскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«З 285 тысяч чалавек засталося 100–120 тысяч». Жыхар Чарнігава пра жыцьцё пад бамбёжкамі ў расейскай аблозе

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рэдактар Orsha.eu пражыў месяц пад бомбамі ў Чарнігаве: «У мяне дагэтуль парушаныя асацыяцыі — што норма, а што не»