Кудрын: Эканоміцы РФ патрэбныя мінімум два гады на адаптацыю пры цяперашніх санкцыях, і яшчэ гады на перабудову
Аляксей Кудрын
На думку кіраўніка Падліковай палаты РФ, эканоміцы РФ на першым этапе спатрэбяцца мінімум два гады на адаптацыю, а далей «давядзецца перабудоўвацца на працягу многіх гадоў» — з улікам імпартазамяшчэньня.
Эканоміцы Расеі спатрэбяцца мінімум два гады на перабудову, калі санкцыі Захаду захаваюцца на цяперашнім узроўні. З такім сьцьвярджэньнем выступіў у сераду, 13 красавіка, старшыня Падліковай палаты (СП) РФ Аляксей Кудрын.
«Калі санкцыі захаваюцца на тым жа ўзроўні, на якім яны знаходзяцца цяпер, то прыкладна два гады спатрэбіцца, ня менш, — адзначыў ён. — Я б сказаў, што гэта — першы этап, а далей давядзецца перабудоўвацца на працягу многіх гадоў, таму што гаворка ідзе аб імпартазамяшчэньні цэлага шэрагу тавараў», — прывяло словы Кудрына агенцтва ТАСС.
Інфляцыя па выніках году можа дасягнуць 20 працэнтаў
Кіраўнік СП таксама выказаў надзею, што ў РФ ня будуць прынятыя меры, якія абцяжарваюць вяртаньне замежных кампаній на рынак.
Па ацэнцы Кудрына, інфляцыя ў Расеі па выніках году можа скласьці ад 17 да 20%. Краіна перайшла да высокага тэмпу росту цэн, канстатаваў старшыня Падліковай палаты.
Мільярдэр Алег Дзерыпаска ў сваю чаргу 8 красавіка таксама ацаніў тэрміны вяртаньня да пасьпяховай эканомікі пасьля санкцый. На яго думку, на гэта можа спатрэбіцца каля 10 гадоў. «Важнае пытаньне — скончыць канфлікты і мець адпраўную кропку, праз 10 гадоў мы можам пабудаваць пасьпяховую эканоміку, як у 2007 годзе», — мяркуе Дзерыпаска.
Эканаміст Андрэй Моўчан у інтэрвію DW раней таксама прагназаваў, што інфляцыя ў РФ у 2022 годзе можа дасягнуць 20%, «а можа быць, і больш». «Пры гэтым расейская эканоміка ня будзе пасьпяваць хутка перабудоўвацца», — лічыць Моўчан.