BBC: Фінляндыя і Швэцыя наблізіліся да рашэньня аб уступленьні ў NATO
Швэцыя і Фінляндыя на мапе Эўропы, дзе сінім пазначаныя эўрапейскія члены NATO
Прэм’ер-міністар Фінляндыі Санна Марын заявіла пасьля сустрэчы з кіраўніком ураду Швэцыі ў Стакгольме, што яе краіна можа прыняць рашэньне аб уступленьні ў NATO да сярэдзіны лета.
Швэдзкі прэм’ер Магдалена Андэрсан таксама паведаміла, што пытаньне аб далучэньні Швэцыі да Паўночнаатлянтычнага альянсу абмяркоўваецца, але яго рашэньне будзе залежаць ад ацэнак усіх рызык і пагроз бясьпекі.
Стакгольм і Хэльсынкі доўгі час прытрымліваліся палітыкі нэўтралітэту, аднак вайна ва Ўкраіне прымусіла іх падумаць аб пераглядзе такой пазыцыі.
Паводле словаў Санны Марын, яна ня можа назваць дакладных тэрмінаў прыняцьця канчатковага рашэньня, але гаворка ідзе пра найбліжэйшыя тыдні. Марын падкрэсьліла, што спачатку парлямэнт Фінляндыі заслухае меркаваньне вайсковых экспэртаў і аналітыкаў, і ўжо пасьля гэтага, бліжэй да сярэдзіны лета, будзе прынятае канчатковае рашэньне.
Пры гэтым, як піша швэдзкая газэта Svenska Dagbladet, Андэрсан раней дала зразумець, што Швэцыя хутчэй за ўсё падасьць заяўку аб уступленьні ў NATO да чэрвеня.
Хаця многія экспэрты чакаюць, што Фінляндыя і Швэцыя пададуць сумесную заяву аб уступленьні ў альянс, кіраўнікі дзьвюх краін ня раз падкрэсьлівалі, што будуць прымаць такое важнае рашэньне незалежна адзін ад аднаго.
У выпадку падачы заяўкі, яе павінны ўхваліць усе 30 краін-членаў NATO, на што тэарэтычна можа спатрэбіцца ад некалькіх месяцаў да году. Аднак раней кіраўнікі NATO падкрэсьлівалі, што ў выпадку, калі Швэцыя і Фінляндыя выкажуць жаданьне ўступіць у NATO, гэта можа адбыцца вельмі хутка, паколькі абедзьве краіны цалкам адпавядаюць усім крытэрам альянсу.