Прэзыдэнты Польшчы і краін Балтыі наведалі Барадзянку

Зьнішчаны расейскімі войскамі жылы будынак у Барадзянцы, 8 красавіка 2022 г.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа паведаміў, што ў рамках візыту ва Ўкраіну наведаў Барадзянку, і заявіў, што жорсткія ваенныя злачынствы, учыненыя расейскімі вайскоўцамі, не застануцца бяскарнымі.

«Наведаў сёньня Барадзянку. Тут цёмны бок чалавецтва паказаў свой твар. Жорсткія ваенныя злачынствы, учыненыя расейскім войскам, не застануцца бяскарнымі. Ваенныя злачынцы павінны перасьледавацца на міжнародным узроўні. Трымайся, Украіна!» — напісаў Наўседа ў сваім твітэры.

Канцылярыя прэзыдэнта Польшчы ў твітэры апублікавала фатаздымкі візыту. На іх — прэзыдэнты Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі, якія прыбылі сёньня зь візытам у Кіеў.

Як паведамляў латвійскі лідэр Эгілс Левітс, мэта візыту — «паказаць поўную салідарнасьць з гераічным народам і яго прэзыдэнтам».

Прэзыдэнты чатырох дзяржаў прыбылі ў Кіеў упершыню пасьля 24 лютага, калі Расея пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа сустракаліся з Уладзімірам Зяленскім у Кіеве незадоўга да пачатку вайны.