Беларускага байца Аляксея Скоблю пасьмяротна ўганаравалі званьнем Героя Ўкраіны

Аляксей Скобля

Аляксей Скобля — другі беларус, які стаў Героем Украіны, пасьля Міхала Жызьнеўскага.

Адпаведны ўказ падпісаў прэзыдэнт Украіны Уладзімер Зяленскі. Званьне Героя беларусу прысвоілі «за асабістую мужнасьць і гераізм, праяўленыя ў абароне дзяржаўнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, вернасьць ваеннай прысязе».

Аляксей Скобля (пазыўны «Тур») стаяў ля вытокаў арганізацыі беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаліся за Ўкраіну з 2014 году. Апошні год ён служыў у Сілах спэцыяльных апэрацый Украіны на падставе кантракту.

Ён загінуў напярэдадні дня народзінаў, 14 сакавіка яму мела споўніцца 32 гады.
13 сакавіка, калі прыкрываў адыход сваіх байцоў пад Кіевам, Скобля быў сьмяротна паранены і застаўся прыкрываць сваіх. Яго пахавалі ў сярэдзіне сакавіка ў Кіеве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеве пахавалі беларускага байца-добраахвотніка Аляксея Скоблю, які загінуў у баі

Аляксей Скобля — другі беларус, якога прызналі Героем Украіны. Першым быў Міхась Жызьнеўскі, якога забілі 22 студзеня 2014 году падчас Эўрамайдану ў Кіеве.
У 2017-м прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка перадаў Зорку Героя бацькам Міхася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сем гадоў таму ў Кіеве загінуў Міхась Жызьнеўскі. Гісторыя жыцьця, сьмерці і ўганараваньня беларускага Героя Ўкраіны

Міхась Жызьнеўскі стаў адной зь першых ахвяраў сутыкненьняў удзельнікаў Эўрамайдану зь міліцыяй. Гэта адбылося раніцай 22 студзеня 2014 году, калі «Беркут» пайшоў у наступ ва ўрадавым квартале на вуліцы Грушэўскага, разьбіраючы барыкады і затрымліваючы людзей.

Міхась Жызьнеўскі браў удзел у акцыі пратэсту зь першых дзён — ён уваходзіў у самаабарону, якая ахоўвала Эўрамайдан. А прыехаў ва Ўкраіну яшчэ ў 2005-м, калі яму было 17 гадоў.